Каралева бензакалонкі

Ехалі мы аднойчы на працу і, як звычайна, заехалі на запраўку. Яна вядомая на Піншчыне як запраўка на "Медтэхніцы" і месціца у весцы Пінкаваічы, якая, па сутнасці, з'яуляецца прыгарадам Пінска. Дзень быў хмурны, і я маркотна глядзеў з вакенца "буханкі" на шэры пейзаж, які крыху ажыўлялі гракі ды каўкі. Калега дзеля падтрымання размовы звярнуў увагу на дзіўную каўку, што круцілася пад самай бензакалонкай. 

- Каўка, - каўкнуў я, - але не, нешта не падобная... Схажу, пагляжу.

Безумоўна, мне было вядома, што поўдзень краіны у гэтым годзе акупіравалі арэхаўкі, і буду шчырым, што гэта кіравала мной больш за ўсе, калі я адчыняў дзверы. Крок адзін, крок другі -  вось і тая птушка, што так зацікавіла. Выглядвае з-пад колаў  бывалага "гольфіка". Арэхаўка! А фоціка няма...

Спрабую зняць на смартфон, птушка падпускае на метра два, і толькі апасля адлятае. Ад гэтага крыўдней удвая - так удала можна можна было б зняць зблізку...

На шчасце, заўтра было 7 лістапада і я яшчэ ніколі так моцна ня радаваўся, што гэта выходны дзень!

Фартуна на наступны дзень усміхнулася мне сонечным ранкам пасля шэрагу пахмурных і даждлівых дзён. Дачакаўшыся узыходу, як мага хутчэй паімчаў на учоршняе месца, з энтузіазмам націскаючы на педалі ровара. Балазе, шлях недалёкі - сорак хвілін, і я на месцы.

Але там спачатку, як патрабуе класіка жанра, мяне чакала расчараванне...Арэхаўкі не было, я наматаў некалькі кругоў каля калонак, але чаканай сустрэчы не адбылося. Тады я прысеў за жалезны стол перад уваходам у краму запраўкі і вырашыў пачакаць гадзінку - другую. А ну ж, прыляціць?

 Прайшло хвілін сорак, ногі пачалі падмярзаць у легкіх красоўках і  думкі аб тым, што сення нічога не выгарыць, апанавалі маім розумам. Злы, як чорт, я сеў на ровар  і накіраваўся дадому. І трэба ж такому адбыцца , што ў гэты самы час на знак, забараняючы выезд з запраўкі, села арэхаўка!

птушка

Ровар абыякава быў кінуты на узбочыну дарогі, а фоцік куляй выляцеў з заплечніка. І пачалася фотасесія. Выявiлася, што арэхаўка больш упадабала невялічкі скверык адразу за запраўкай. Елкі, ядловец і бярозкі складалі там аснову дрэвастою, і седзячы на галлі дрэў, зусім немалая птушка проста растваралася сярод галiн. Нятак-та проста яе заўважыць, нягледзячы на тое, што птушка зусім блізка.

птушка

птушка

Арэхаўка палявала на восаў (вось не падумаў бы!) як запраўская мухалоўка - сядзячы на галінцы, выглядала перапончатакрылае, а заўважыўшы, кідалася прама да яго. Пры гэтым, калі вы стаіце каля яе здабычы, ня думайце, што гэта стане перашкодай - яна сігане вам пад ногі! Увогуле, мяне уразіла і здзівала яе неверагоднейшая даверлівасць,-  птушка падпускала да сябе вельмі блізка, думаю, аптымальным аб'ектывам для яе фатаграфавання бый бы 70-200mm.

птушка

Адзін раз яна ледзьве не села мне на плячо, другім разам села ў трыццаці сантыметрах ад маей галавы. Аднак трэба адзначыць, што накіраваны на яе аб'ектыў крыху нерваваў, і яна  пужалася маей "бандуры". А калі мая навязлівасць стала відавочнай, арэхаўка больш падазрона стала ставіцца да маей персоны. Тым не менш, праз гадзіну здымак флэшка была забіта (яна ў мяне, на жаль, невялікая) і я шчаслівы накіраваўся дамоў.

Напаследак хачу адзначыць, што з вялікай колькасці фотаматэрыялу цяжка выбраць лепшае...Некалькімі здымкамі жадаю з вамі падзяліцца, і раю  пры нагодзе заехаць на тую запраўку, як будзеце побач. Мажліва, птушка усе яшчэ там.

птушка

птушка

 

Каментары