Сваю першую сёлета драздовую чаротаўку (Acrocephalus arundinaceus) я спачатку пачуў, а потым і ўбачыў даволі позна - толькі 12.05. Магчыма, гэта звязана з халоднай вясной, а можа і з тым, што пасля моцных зімовых вятроў каля берагу Нёмана, дзе я назіраю за птушкамі, замест больш-менш шчыльнай, хаця і нешырокай стужкі сухога трыснягу засталіся толькі зусім невялічкія яго астраўкі. Самы большы быў памерам прыкладна 1х3 метры і я сумняваўся, што драздовыя чаротаўкі рызыкнуць у такіх умовах загнездаваць.
Але гэты самец рызыкнуў і выбраў менавіта гэты астравок ў якасці асноўнай сваёй базы. Прычым 'спяваў' (а хутчэй крычаў-рыпеў) больш знізу, седзячы на заломах і толькі зрэдку выбіраўся на самы верх да трысняговых мяцёлак.
Зразумела, што калі ён выбіраўся хаця б трошкі вышэй за заломы, яго было бачна здалёк і я ўжо меў планы паздымаць яго ў наступныя дні. Але хутка мае планы змяніліся. Ужо праз два дні я заўважыў, што чаротаўкі тут дзве, ці хутчэй - пара. Самец ў перапынках паміж гучнымі, але кароткімі рыпеннямі, выцягваў-збіраў матэрыял для гнязда, партнёрка ж паводзіла сябе падобна, толькі ціха:
Сытуацыю для мяне заблытваў яшчэ адзін самец, які зрэдку пачаў спяваць ў другім астраўку трыснягу. Ён быў яшчэ меншым па памерах, але другім па велічыні пасля ўжо занятага першым самцом. Гэтыя астраўкі аддзялялі прыкладна 50 метраў і стужка з цалкам паваленага трыснягу, паміж якім густа і свежа ўжо зелянеў малады. Да таго ж вельмі хутка гэты малады трыснёг стаў падымацца і ствараць выдатныя ўмовы для размяшчэння гнязда і пошуку ежы. А яшчэ праз два дні самец амаль перастаў спяваць і толькі зрэдку адрывіста і коратка рыпеў то цішэй, то на поўную моц і я двойчы ўбачыў, што насамрэч самец-та адзін! Пасля кароткага рыпення ён пераляцеў з меншага астраўка ў большы, асноўны. А ў другі раз зрабіў наадварот.
Такім чынам ён змог заняць тэрыторыю, якая мінулым летам была месцам гнездавання двух пар.
Нёман у Гродна, 14-20.05.2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Lighty - 23.05.2022 - 00:20
А ў нас увесь трыснёг…
А ў нас увесь трыснёг патануў, і дагэтуль вада стаіць. Ці то ў вербах бедным чаротаўкам сяліцца, ці то ўвогуле кідаць лакацыю...
Harrier - 23.05.2022 - 09:40
Доўга чакаць яны яўна не…
Доўга чакаць яны яўна не будуць - загняздуюць у іншым месцы, дзе трыснёг даступны.
pva - 23.05.2022 - 15:28
У нас на прудах тростника и…
Очень хорошая подборка фотографий: с интересом просмотрел. У нас на прудах тростника и камыша хватает всем. Постоянно "бухает" большая выпь, гнездятся болотные луни, утки, чирки, камышовые овсянки, лебеди, цапли и т.д. Вот сегодня снял белую цаплю на пруду.
Apus - 25.05.2022 - 19:41
Позірк праз мяцёлку - гэта…
Позірк праз мяцёлку - гэта топ! Ды і наогул добрая серыя.
Harrier - 25.05.2022 - 21:44
Дзякуй! Так, позірк…
Дзякуй! Так, позірк чаротаўкі праз мяцёлкі хутчэй за ўсё мой самы ўдачны здымак за доўгі час.