Дакументацыйныя здымкі і відэа
Гэтая сустрэча пачалася нечакана - на драўляным плоце, недалёка ад шпака, я здалёк заўважыў дзіўную птушку падобнага памеру з белымі палоскамі на складзеным крыле і толькі праз секунды зразумеў, што гэта ... дзяцел) Пакуль я падыходзіў, каб зразумець від і паздымаць, падзеі перамясціліся на старую яблыню адразу за плотам і дзятлаў аказалася ... два. Прычым хаця абодва былі маладымі птушкамі, але належалі да розных відаў: сярэдні (Dendrocopos medius) і вялікі (D. major).
Яны то падымаліся, то апускаліся ўсім знаёмымі 'дзятлавымі' рыўкамі амаль па супрацьлеглых баках тоўстага ствала, але даўбіць яго не збіраліся і сярэдні пераляцеў на драўляны плот, які дастаткова хутка агледзеў з розных ракурсаў. Я спачатку не зразумеў што ён можа так шукаць, але далейшыя дзеянні, ужо вялікага дзятла, падказалі гэта.
А той пераляцеў на сцяну сарая і там не толькі спраўдзіў дзіркі ў кладцы і дошку на ёй, але і зазіраў паміж старымі дровамі, складзенымі пад дахам:
І я здагадаўся - хутчэй за ўсё дзятлы шукалі павукоў, якім асабліва не было ад іх куды схавацца. А калі і было, пастукванне дзюбай, яна сама + доўгі язык застаўлялі мала шанцаў на выратаванне нават таму з іх, хто паспеў бы уцячы ў некую адтуліну ці шчыліну. Ну і вядома, што гэта нашмат прасцей, чым даўбіць дрэвы і правяраць хады лічынак насякомых ў драўніне.
Гродна, 25-07-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 14.08.2024 - 08:25
Маладыя птушкі, а кемлівыя…
Маладыя птушкі, а кемлівыя. Хутка зразумелі, што можна без асаблівай працы добра падсілкавацца. Цікавае назіранне і дакументальныя здымкі.