Вясна на Грайна: Вада і Птушкі!

Не гледзячы па аптымістычны прагноз, сёньня з самага ранку йшоў споры дожджык. Але мы запланавалі выправу на Грайна! Таму, дачакаўшыся 15.30 і ўсё яшчэ назіраючы за аном дождж, вырашылі - паедзем!

І не пашкадавалі. Я чамусьці быў упэўнены - вада з неба перастане падаць. Так і адбылося, як толькі мы выехалі за Ярмолічы. Дзякуючы гэтаму нам пашчасьціла назіраць момант перапынку ў міграцыі.

Птушкі сядзелі на палетках і паплавах і чысьціліся перад працягам пралёту. 20 белых буслоў праз нейкія хвіліны пачалі ўздымацца, цяжка махаючы крыламі, 400-450 кнігавак уперамешку з залацістымі сеўкамі то ўзялалі, то сядалі праз сотню-другую мэтраў.

Вецер з захаду быў такі моцны, што я ўжо праз 5 хвілін пашкадаваў, што схаваў "на лета" свае зімовыя рукавіцы.

Аднак хутка маю ўвагу прыцягнуў лунь. - Мой самец! мой самец! - закрычаў я, паказваючы Алене ў бок светлага луня, якога ганялі кнігаўкі. Я, канешне, меў на ўвазе поплаўнага, але разгледзеўшы яго ў бінокль, зразумеў - гэта быў палявы... Аднак і гэта было зусім няблага.

На супрацьлеглым баку ад шашы разьлілося міні-мора са сваімі залівамі і косамі. Там былі сотні птушак, і не абы якіх!

Акрамя паўсотні кнігавак, хадзілі шчыльным шэрагам самкі і нешматлікія самцы баталёнаў (каля 80-100 птушак), а перад імі стаялі з доўгімі дзюбамі і амаль чырвонымі шыямі і галавамі вялікія грыцукі (ўсяго тры)!

Далей плавалі каля 200 качак-сьвіцьваў - пераважна яркія самцы, некалькі качак-лапаносак, 5 шыпуноў, крыжанкі, трошкі шылахвостак. То адляталі, то прыляталі зноў ярка-белай хмаркай каля 50 чаек-рыбачак. А вось і гусь! Белалобік сеў на адну з косаў, выразна большы за качак каля яго. Праз хвіліну надляцелі яшчэ 20 гусей, але паляталі і рушылі ў бок Нёмана.

Мы пераехалі бліжэй да ракі. Тут і на залітым вадой балоце каралявалі шыпуны - каля агулам пад 30 птушак. Клікуноў жа, на дзіва, амаль не было - толькі 2 птушкі адпачывалі на градзе, а потым праляцела яшчэ адна.

А вось і самка балотнага луня! (Самца мы адзначылі перад ракой яшчэ да пачатку назіраньняў).

На балоце таксама былі качкі. - поўны тутэйшы набор, аднак у колькасна адрозным статусе: найбольш было крыжанак, потым некалькі качак-сьвіцьваў, трошкі шылахвостак і адзін самец лапаноскі.

У трубу я заўважыў і адну дзіўную качку (глядзі здымкі з фільміка) - стацьцю яна была падобна на сьвіцьву, аднак мела выразную і вялікую белую пляму на патыліцы, а таксама белае люстэрка. Хто гэта можа быць?

Над мастом праз Сьвіслач праляцелі 3 шэрых жураўля. - актыўны пралёт толькі пачынаўся. Але ўжо пачало зьмяркацца, і мы вырашылі вяртацца да дому.

Зафіксаваўшы яшчэ некалькі разоў прыгажосьць тутэйшых краявідаў, мы ад'ехалі.

 

Фотаздымкі

Каментары

сначала подумал, что самец Mergus cuculatus. но очень уж крупный, да и форма головы другая. Ты ж его хорошо рассмотрел - кто ж это? есть ли описание или только то, что видно на снимке? Видео есть? Поведение описано?

Відэа ёсьць - гэта кадры троху зьменшаныя з яго. Спачатку я думаў, што гэта такая дзіўная сьвіцьва - яшчэ там, у поле. А як разгледзеў лепш на кампутары - не ведаю, хто гэта можа быць...

Плавала на пакрытым вадой балоце асобна ад сьвіцьваў, шылахвостак і лапаносак, якія былі далей. Часам набліжаліся крыжанкі.