Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Белыя буслы і фастфуд

Гэта быў дзіўны дзень. Пачатак красавіка, выпаў снег і невялікі марозік трымаўся амаль да абеду. 

Мы вярталіся з праверкі зуброў прыкладна праз гадзіну той самай дарогай, па якой прыехалі ў пойму спрамленай рэчкі Стрыеўкі, але тут ужо ўзараў прыкладна палову невялікага поля магутны трактар. А за трактарам, адразу за плугамі, бегалі белыя буслы (Ciconia ciconia)! 

У гэтым не было б нічога незвычайнага, каб не факт, што яны зусім нядаўна вярнуліся з зімоўкі - на той час толькі адзінккавыя буслы і асобныя пары стаялі на гнёздах далёка навокал. Ну і тое, што адбылося ў наступныя прыкладна 20 хвілін таксама ўразіла.

А адбылося вось што:

Вельмі хутка збоку ад гэтага поля, якое з усіх бакоў, хаця і на рознай адлегласці, акружанае лесам, сталі кружыць іншыя белыя буслы. І не некалькі, а дзесяткі! Поле не праглядаецца здалёк і як яны даведаліся, ды яшчэ ў такой колькасці што тут адбываецца і куды трэба ляцець, для мяне загадка. ну і да таго ж гэта яўна мусілі быць буслы з вялікай плошчы, бо як я ужо пісаў раней, вярнулася іх на той дзень зусім няшмат.

Гэтая асноўная група прызямлілася і стала, як і першыя буслы, бегаць ці хадзіць за трактарам і лоўка выбіраць дажджавых чарвякоў ды пэўна лічынак насякомых, якія трактар зрабіў лёгкадаступнымі. Побач жа бегала і немалая чародка шпакоў, якія займаліся тым самым) Час ад часу да гэтай групы далучаліся і асобныя буслы, якія яўна прыляцелі здалёк. Максімальная колькасць птушак на поле склала 45 буслоў!

Але праз хвілін 10 сытуацыя пачала змяняцца. Трактар, не скончыўшы ўзворваць поле, пад'ехаў пад лес і стаў там. Можа ў трактарыста пачаўся абед, а можа ён не захацеў больш працаваць пад нашым назіраннем. І тут хутка здарылася нечаканае.

Буслы яшчэ хадзілі па ўзаранаму, у асноўным па самаму свежаму, а потым пачалі разбрадацца па ўсяму полі і некаторыя сталі адлятаць! Па аднаму-два-тры буслы уздымаліся і ляцелі напэўна туды, адкуль прыляцелі сюды. Хвілін праз пяць тут засталося толькі некалькі птушак - або самых галодных, або тых, што жывуць найбліжэй і спяшацца на свае тэрыторыі ім не мела сэнсу.

Халява з-пад трактара скончылася. Прыйшоў час шукаць або іншую, або спрабаваць знайсці нешта на замёрзлай паверхні без дапамогі. Адляцелі і шпакі.

06-04-2021, Гарадзеншчына

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

__________________________

Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

 

Каментары

Дзякуй! Чайкі не паспелі знайсці гэтае поле, хаця км у 10 на азёрах там вялікая калонія чаек-рыбачак. 

Ну і там вельмі блізка ёсць ферма па развядзенню амерыканскіх норак і круглы год трымаюцца пад сотню крумкачоў. Дык і яны не паспелі на фаст-фуд з-пад трактара, а можа і не надта хацелі.