'Сезон казлабародаў' толькі пачынаўся, таму ўбачыць пару чорнагаловых шчыгелаў (Carduelis carduelis), якія хутка ўскрывалі былое суквецце гэтых раслін у якім цяпер хавалася насенне, было не дзіўна:
Дзіўна было назіраць за адной з двух птушак, якая выбірала яшчэ не падсохлыя былыя суквецці і калі ўскрывала іх, яе і так брудная дзюба дадаткова выпэцквалася ў густы белы сок, які выцякаў з адламаных зялёных частак расліны. Хутчэй за ўсё казлабарод так пасіўна бароніцца ад насякомых і траваядных звяроў - каб не елі. Але для насеннеядных птушак-спецыялістаў гэты сок не стаў перашкодай і па колеру дзюбы шчыгелаў было бачна, што яны учора-сёння ўжо харчаваліся 'парашуцікамі' і з такіх, яшчэ непадвялых казлабародаў. Толькі адна з птушак пачысціла амаль усю дзюбу і троху чорнага засталося знізу паддзюб'я, а другая была настолькі галоднай, што яшчэ і не думала гэтага рабіць. І белы сок, які пачарнеў на сонцы і паветры, ператварыў яе ў 'брудаса')
Нешта падобнае адбываецца і дзюбамі іншых насеннеядных відаў, калі яны ядуць насенне дзьмухаўцоў, бо гэтая расліна таксама выдзяляе з пашкоджаных зялёных частак вельмі падобны густы белы сок, які хутка цямнее і часта трапляе на дзюбы тых, хто з'ядае яго парашуцікі. Але каб нехта з птушак выбрудзіўся ў соку і тым, што на яго паспела наліпнуць так моцна, я яшчэ не бачыў.
Гродна, 13-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ