Амаль дакладна праз два месяцы і амаль дакладна ў тым самым месцы на высокім беразе Гараднічанкі, недалёка ад мяне прызямліўся самец чорнага дразда (Turdus merula), прычым з той жа мэтай - збіраць корм для птушанят. І калі тады, у пачатку мая, ён выкармліваў свой першы ў гэтым сезоне вывадак, то зараз яўна ўжо трэці!
Даволі хутка сярод травы ён набраў прыкладна з палову дзюбы розных насякомых і іх лічынак, а вось далей працэс неяк прыпыніўся, хаця птушка яўна старалася знайсці больш. Час ішоў і трэба было прымаць рашэньне - ці то працягваць пошукі, ці аднесці знойдзенае і працягнуць іх у іншым месцы. І дрозд выбраў адляцець за агароджу у бок аднаго з дамоў, дзе пэўна ўжо чакалі птушаняты.
Яшчэ праз два дні я няспешна йшоў каля самай вады за двума паваротамі рэчкі ад папярэдняга месца, хаця па прамой паміж імі наўрацці атрымалася б больш за 30-40 метраў. Нечакана ў ваду за высокай расліннасцю апусцілася нешта чорнае, і як мне падалося, вялікае. Няўжо лыска? Але што яна тут робіць, пад высокімі і густымі дрэвамі хаця і на плыткай, але хуткай плыні? Аднак даволі хутка я ўбачыў, што гэта быў самец чорнага дразда, магчыма, мой стары знаёмы з мая. Ён нешта раздзюбаў на камянях на беразе - што гэта было я не бачыў, бо амаль усю птушку прыкрывала расліннасць. А калі ён паказаўся з-за яе, я ўжо быў гатовы і зняў, як ён купаецца ў рэчцы:
А яшчэ праз тыдзень, калі я ўжо знайшоў месца купання розных мясцовых вераб'іных на Гараднічанцы - яно аказалася ўсяго ў некалькіх метрах ад месца апошняй сустрэчы з драздом, гэты ж (?) самец прыляцеў туды ізноў. І хаця я думаў, што ён будзе там купацца, дрозд меў іншую задачу і даволі хутка збоку камянёў і каменьчыкаў, якія выступаюць з вады, назбіраў троху чарвякоў і дробных піявак. Апускаць дзюбу ў ваду ён не баяўся, а вось сядзеў пад час пошукаў усё ж зверху камянёў, на сухім а не ў вадзе. І як у першым апісаным мной выпадку на беразе рэчкі, нешта ў яго застопарылася з пошукам здабычы і хаця ён шукаў таксама пільна як і раней, але нічога новага пасля пошукаў у дзюбе не з'яўлялася. І як і ў той раз, дрозд адляцеў з тым, што ўжо знайшоў для птушанят.
Ліпень 2023, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ