Чамусьці першыя вывадкі качак-крыжанак (Anas platyrhynchos) у горадзе з'яўляюцца не толькі параўнальна позна, але яны яшчэ вельмі нешматлікія. Так атрымалася і гэтай, даволі заблытанай у адносінах надвор'я, вясной. У адным з двух месцаў, якое вытапталі на беразе Нёмана рыбакі (напэўна адзіная ад іх карысць)) раніцай я заўважыў самку, якая інтэнсіўна чысціла пер'е і часта купалася пры самым беразе. І толькі праз некалькі секунд побач з ёй, спачатку ў прыбярэжнай расліннасці, заўважыў качанят.
Як аказалася, яны былі ўзростам каля 5 дзён і гэта было бачна не толькі па крыху большых, чым адразу пасля вылуплення памерах, але і іх паводзінах. Бо часам здавалася, што мам-качка асобна, а малыя - асобна. Хаця яны і стараліся трымацца каля яе, яна пад час дагляду апярэння здаецца, не звяртала на іх ўвагі. А малыя адначасова мелі свабоду ў перамяшчэнні і аддаляліся не толькі ад мамы, але і ад сіблінгаў, вылазілі на бераг і вярталіся ў ваду без нейкіх бачных сігналаў ад мамы-качкі. Прычым часам здавалася, што птушаняты стараюцца капіраваць яе паводзіны:
І толькі калі яна пачысціла ўсё, што гэтага патрабавала, яны працягнулі свой шлях праз расліннасць у самага берагу ўверх па плыні ракі. Прычым і тут кінулася ў вочы адносная самастойнасць качанят - яны хутка абагналі маму і плылі наперадзе, а не за ёй).
--------
У тым самым месцы, але два дні раней у мяне атрымалася не толькі ўбачыць, але і засняць даволі познюю капуляцыю пары крыжанак недалёка ад берагу. Калі і качар, і качка пачалі ківаць галавамі, я ўжо ведаў які будзе працяг, але не спадзяваўся, што капуляцыя будзе настолькі доўгай:
Які яе сэнс у пачатку мая сказаць дакладна цяжка, але хутчэй за ўсё гэта можа быць звязана са стратай папярэдняй кладкі парай і стварае магчымасць для паўторнай.
07 і 09-05-2025, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ