Беларуская назва віду - ластаўка -зямлянка (Riparia riparia) - мне вельмі падабаецца. Таму што гэтыя ластаўкі могуць гнездаваць у любой больш-менш вертыкальнай земляной паверхні, не толькі ў берагах. Пасуюць ім кар'еры, ямы і нават насыпаныя кучы зямлі, у якіх ёсць амаль вертыкальны схіл хаця б з аднаго яе боку.
У першыя некалькі дзён пасля прылёту здаралася бачыць, як птушкі парамі даследуюць і ўжо гатовыя адтуліны ў вертыкальных сценках - накрыклад, са старымі выбітымі цэгламі ці нечым падобным. І тады здзіўляешся - ці ластаўкі сапраўды могуць у такіх 'норках' загнездаваць?
Аказваецца - могуць! Сёлета пашанцавала назіраць як раз такі выпадак. 10 мая ўпершыню заўважыў, як ластаўкі залятаюць ў невялікую прастору паміж абцёсанымі валунамі, на якой знаходзіцца адкрытая частка карчмы на беразе Нёмана. Прастора гэта ўтварылася з-за таго, што цэментны раствор з часам часткова высыпаўся і паміж валунамі, унутры, стала на нейкую глыбіню пуста праз 'перагародку' - яе добра бачна на здымках:
Ластаўкі спачатку сядалі лявей перагародкі, забягалі пад валуны і потым выбягалі правей, часам спяваючы, а часам седзячы там цішком па некалькі секунд. Перад гэтым, звычайна ў парах, яны праляталі па некалькі разоў на рознай вышыні побач і калі лічылі, што пагрозы заляцець туды няма, забягалі-заляталі. У наступныя дні аказалася, што гэтая міжвалуновая 'норка на халяву' - не адзіная. І праз 15-20 м далей, у такім самым, з абцёсаных валуноў, муры, выбралі сабе 2 'норкі' яшчэ 2 пары ластавак.
Сядалі птушкі не толькі ў 'норкі', але і на нейкай адлегласці побач - на дах прыбудовы да карчмы, на поручні агароджы набярэжнай. Там быў лепшы агляд і магчымасць без праблем пачысціць апярэнне.
Гродна, 10 і 12-05-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 02.06.2025 - 19:20
Так, удала яны ўладкаваліся …
Так, удала яны ўладкаваліся - не трэба рыць норкі. Нават інстынкт капання ў самца неяк не спрацаваў, перад камфортнай надзейнай "кватэрай". Напэўна, гэта рэдкі выпадак у ластавак?
Harrier - 02.06.2025 - 21:35
Сяргей Шакала назіраў на…
Сяргей Шакала назіраў на ачышчальных сажалках Барнанавіч падобнае - там нейкія параўнальна вузкія трубы яны пазаймалі ў вертыкальнай сценцы. А так я больш не ведаю.
Напэўна, у гарах такое можа быць - там асабліва не пакапаеш норку, а нішы для гнездавання гатовыя могуць быць.