Дакументацыйныя здымкі і відэа
Яшчэ некалькі гадоў таму гусь, якая заставалася на зіму ў Беларусі была амаль безпамылкова падранкам. Аднак у апошнія гады зімы змяніліся, як і адносіны да іх многіх відаў птушак. І зараз на захадзе краіны паспяхова зімуюць дзе адзінкавыя, а дзе дзесяткі і сотні гусей розных відаў.
Вада ў Нёмане пасля таго, як навокал растаялі рэшткі снегу, значна паднялася. Але сям'я з пары дарослых і 5 птушанят лебедзя-шыпуна (Cygnus olor) памятае асноўныя мялізны па цэнтру ракі, дзе можна бяспечна фільтраваць з вады ежу ці даставаць кавалкі раней надводных, а зараз падводных раслін.
Таму я не здзівіўся, калі ізноў убачыў іх на гэтым месцы. Але разам з імі плавала іншая птушка - гусь-гуменніца (Anser fabalis)!
Прычым гусь старалася быць не толькі разам, але, па магчымасці, як мага бліжэй да лебедзяў!
Ні самец, ні самка, ні абедзьве птушкі з пары так і не змаглі прагнаць упартую гусь! Яна адплывала на нейкі час, але не так далёка і раз за разам вярталася да "новай сям'і").
Праз некалькі хвілін абставіны змяніліся не на карысць сям'і шыпуноў, а, наадварот, гусі!
Ад старога маста прыплылі два маладых лебедзя і яшчэ некалькі птушак падляцелі туды ж, дзе побач, у берага, харчавалася сям'я. Тут ужо нельга было адступаць і уся сям'я з прыпаднятымі крыламі - уключна з птушанятамі - выплыла насупраць новым лебедзям, дэманструючы, што месца ўжо занятае. Самец дадаткова разагнаўся і паплыў у бок новапрыляцелых і на нейкі час адагнаў іх. Але ў гусі з'явіўся выбар і яна выбрала новую кампанію.
Але і там ёй былі не радыя - хаця і не так актыўна, як папярэдняя "сям'я".
Таму калі новыя лебедзі праз нейкі час адляцелі, яна зноў далучылася да першай сваёй кампаніі.
Цікава, што гусь была вельмі галодная і калі мела вольны час, старалася хутка пад'есці - гэта бачна на здымках ніжэй.
Сёння ні лебедзяў, ні гусі на папярэднім месцы ўжо не было. Паглядзім, ці прагоняць яны ўпартую гусь ад сябе ў бліжэйшыя дні.
19-12-2020, Нёман у Гродна.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________-
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў і відэа тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ