Ёсць сярод нашых птушак некалькі відаў, нават з дзяннай актыўнасцю, якіх нашмат лягчэй пачуць, чым убачыць. Тым больш цяжка іх сфатаграфаваць.
Адзін з гэтых вiдаў як раз леска-завірушка (Sylvia curucca).
Увечары 29 красавіка я пачуў кароткі і не самы гучны варыянт песні гэтай лескі са старай яблыні і вось на працягу некалькіх секунд змог паназіраць за самцом сярод перапляцення галін. Паспеў зрабіць нават 2 здымкі, але здалёк ды і цёмна ўжо было каб нешта здымаць.
На наступны дзень поўныя і гучныя песні завірушак чую ўжо ў трох месцах, а ў наступныя дні іх гучныя і 'аднаабразныя' трэлькі раздаюцца ўжо шмат дзе. Аднак паводзін птушак гэта не змяняе: прыгнуўшыся да галін, яны перабягаюць як мышкі ці робяць зусім кароткія пералёты, стараючыся трымацца калі не ўнутры куста ці дрэва, то як мінімум і не на вяршаліне.
Ну і каб на ўсіх дрэвах ўжо было лісце, наўрацці б я змог не толькі зняць, але і ўбачыць лесак. Не любяць яны публічнасці, ды і выгляд маюць неяркі і непублічны:
Найбольшым здзіўленнем для мяне стала выкарыстанне самцом лескі для пошуку ежы і кароткіх песняў двух суседніх ялін. На іх леска пачувалася таксама ўпэўнена як і на пакуль не зусім лісцевых шырокалісцевых дрэвах. Але можа і не збіраецца там гнездаваць, а толькі чакае пакуль маскіроўка сярод кустой і дрэваў стане для яго лепшай.
30.04 - 06.05.2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ