Лета сёлета пачалося як трэба: сонечна і цёпла, а часам нават і горача. І адразу стала неяк значна цішэй навокал - аказалася, што дружна выляцелі маладыя шпакі і больш не чутно іх галодных крыкаў з навакольных шпакоўняў. Але ціха стала не паўсюль - калі я праходзіў не сваім звычайным маршрутам, здалёк пачуў знаёмы гоман. І стала зразумела - наперадзе шпакі (Sturnus vulgaris) дзеляць чарэшні.
Так і аказалася, прычым за чвэрць гадзіны атрымалася паназіраць усе сытуацыі, якія я ўжо ведаў з гэтага месца па мінуламу году: дарослыя птушкі адрывалі кавалкі ягад і самі ягады і елі іх самі; кармілі гэтым маладых; маладыя спрабавалі адрываць кавалкі ягад самастойна; унізу, пад дрэвам, бегалі і маладыя, і дарослыя птушкі, якія спрабавалі рабіць тое самае, але ўжо на зямлі. І навокал стаяў шум і гам ад шпачыных рэзкіх поклічаў.
Пад час назіранняў я выпадкова заўважыў знізу, на галінах высокага дрэва, як нешта мільгаціць. Гэта быў CD, які гаспадары прывязалі, каб ён адпужваў ад ягад птушак. Але шпакі наўрацці здагадваліся пра гэта)
Гродна, 02-06-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 05.06.2025 - 08:40
У вас ужо чарэшні амаль…
У вас ужо чарэшні амаль саспелыя, а ў нас мароз прыхапіў і чарэшні і вішні. А шпакі малайцы, адразу знайшлі чым сябе парадаваць. Цяпер будуць рабіць налёты на сады разам з драздамі. Ня столькі зьядуць, колькі папсуюць.