Напэўна ўсім зразумела, адкуль узялася беларуская назва роду 'крычкі' (Sterna) - гучныя, часта рэзкія крыкі гэтых птушак над вадой, а часам і над сушай ні з чым не зблытаеш. Але яшчэ больш выразна гучаць птушаняты - іх выразныя, працяглыя і занудныя прсоьбы пакарміць могуць каго заўгодна прывесці да меркавання, што калі ім у бліжэйшы час жорскія бацькі не прынясуць рыбку, то іх нашчадкі загінуць ад голаду)
Калі я прыйшоў паназіраць за жыццём над Нёманам у вострава троху вышэй т.зв. новага маста, там на рознага памеру валунах, якія выступаюць з вады, сядзелі і часам крычалі пра свой голад ажно трое маладых рачных крычак (Sterna hirundo). Здаецца, былі яны з розных вывадкаў, таму і знаходзіліся параўнальна далёка адно ад аднаго. Часам на мялізну перад востравам прыляталі і дарослыя птушкі купацца і/ або адпачнуць, але іх параўнальна рэдкія крыкі не маглі змяніць агульны гукавы фон - у ім панавалі галодныя птушаняты.
З-за таго, што адначасова там ляталі і сядзелі некалькі крычак і час ад часу птушкі падляталі і адляталі, было цяжка разабрацца хто каму з птушанят прынёс рыбку і калі яе перадасць каб сфатаграфаваць увесь працэс з самага пачатку. Але пад канец у мяне гэта атрымалася - гл. другую палову здымкаў ніжэй!
Камера працавала ў рэжыме 7 кадраў у секунду і паглядзіце, як хутка не такая ўжо дробная рыбка знікла ў горле маладой крычкі - на гэта ёй спатрэбіліся дзесятыя долі секунды. І адразу яна пачала крычаць і хапаць аднаго з бацькоў за дзюбу, каб неслі яшчэ)
Нёман у Гродна, 14-08-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ