Не менш за дзесятак маладых шэрых варон (Corvus (corone) cornix), стаялі групкай на наберажнай Нёману і здалёк вельмі нагадвалі нашых падлеткаў, якія сабраліся разам, а вось чым заняцца - не ведаюць. Але адна з птушак бліжэй да ракі прынесла ў агульнае кола абгрызеную корку ад кавуна. Магчыма, яна хацела неяк пагуляць з ёй разам з іншымі, але з усіх 'адгукнулася' толькі адна варонка, якая падскочыла і адабрала корку. Гульня яўна не атрымлівалася і ініцыятарка зусім не супраціўлялася: калі табе яна патрэбная - бяры.
Хутка аказалася, што другая варона і праўда не думала гуляць з коркай - яна спачатку адляцела ад групы на некалькі метраў, узяла корку зручней і пераляцела на бліжэйшае дрэва. Яе ніхто не пераследаваў, аказалася, што і сапраўды корка цікавіць толькі яе. Але, напэўна, папярэдні, хаця і непрацяглы жыццёвы досвед падказваў, што лепш не спадзявацца на абыякавасць іншых, калі ты збіраешся нешта з'есці. Таму варона пераляцела дарогу і толькі там стала дзюбаць чужую знаходку і праглынаць невялікія кавалкі ад яе.
Гррдна, 24-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ