Сваю першую сёлета зімовую малінаўку (Erihacus rubecula) я бачыў долі секунды недалёка ад берага Нёмана. Яна мільганула яркім агенчыкам ў высокага хмызняку і знікла ў ім. Я ўжо страціў надзею, што змагу зрабіць зімовыя здымкі гэтага віду, ажно зусім нечакана пашанцавала.
5 лютага я нешта рабіў на кухні і мне падалося, што адзін з вераб'ёў, якога я ўбачыў на каналізацыйных люках насупраць вакна, не зусім верабей. Бо мае нешта аранжавае ў апярэнні. Калі ж падняў жалюзі і ўзяў у рукі камеру, сумневы развеяліся канчаткова - так, гэта была малінаўка!
Зразумела, што яна мяне не бачыла і (таму) не баялася. Але каб здымаць яе, прыйшлося вымыць з абодвух бакоў ніжнюю левую чвэрць вакна. Ну і зранку прыпадымаць жалюзі на вышыню памытага, назіраць за рухам на люках і за імі. І чакаць яе наступнага прылёту.
І гэтая нагода настала праз 5 дзён - птушка зноў 'засвяцілася' на люках, а я ўжо быў падрыхтаваны да гэтага. На іх саміх і навокал іх снегу ужо не было і, аказалася, што менавіта там малінаўка знаходзіць нешта зусім дробнае і праглынае. У адным з 4 люкаў снег растаў і яна піла з яго ваду. А потым адпачывала або ў кустах фарзіцыі, або на старай алычы паблізу. І было вельмі прыемна, што ва ўсіх ракурсах яна літаральна свеціцца і вельмі прыгожая. І ў анфас, і ў профіль.
Але самым нечаканым для мяне стала назіранне, што яна можа піць не толькі ваду, але і снег - што я раней адзначаў толькі ў выключна дасведчаных у зімоўцы ў нас птушак як, напрыклад, гілі і амялушкі:
Цяпер жа бачу малінаўку з вакна кухні амаль штодня і ведаю, што вясна будзе)
10-02-2026, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 14.02.2026 - 16:58
Якая цудоўная прыгажуня! Ее…
Якая цудоўная прыгажуня! Ее настрой паказвае - вясна не за гарамі. А вам ўдалося знайсці і зняць такую малую пiгалiцу...
Harrier - 14.02.2026 - 17:19
Дзякуй за добрыя словы!…
Дзякуй за добрыя словы! Дадаў апісанне і праз якіх 30 хівілін дадам яшчэ і кароткае відэа.