Дакументацыйныя здымкі
Усе чакаюць вясну. Сапраўдную, з сонцам і цяплом. І я таксама.
За нашым вакном расце вялікі і раскідзісты куст фарзіцыі. Прыкладна з тыдзень таму на ім распусцілася першая жоўтая кветачка, але аказалася, што яна экстрэмалка і наступныя і не думаюць распускацца ў бліжэйшыя дні. Але каб праверыць гэта, зранку я выглядваю у вакно. Можна і не выглядваць - самыя высокія галінкі фарзіцыі падняліся вышэй паловы вакна і іх і так добра бачна. Але гэта яшчэ адзін повад зірнуць вонкі і паглядзець яшчэ і на птушак, якія сядзяць у кусце і навокал. А гэта вераб'і двух відаў, сініцы двух відаў і шпакі. Але апошнія сядзяць у кусце вельмі рэдка, усё бегаюць, утыкаючы дзюбу ў глебу ў пошуках жывой ежы.
І вось сёння я вызірнуў, а ў кусце ў метры ад мяне сядзіць дзіўны верабей - хаця памер правільны, але сілуэт ужо не. І нешта спераду не так, дзіўна пламянее. Малінаўка (Erithacus rubecula)!
Сядзіць сабе на ніжніх галінках і нікуды не спяшаецца. Нават пaчакала пакуль я за фоцікам схажу і сфатаграфую яе. А пасля ўжо можна і ляцець далей, шукаць ежу і месца для гнязда. Добра, каб недалека дзе, як і ў мінулыя гады.
Гродна, 07-04-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 09.04.2022 - 10:50
Прыгожая птушка. Прыляціць,…
Прыгожая птушка. Прыляціць, і як агеньчык загарыцца ў хмызняку. Шкада, што гэтай птушачцы найболей часта даводзіцца выкормліваць птушанят звычайнай зязюлі. А самец гультай, нават не дапамагае.