У адзін з яшчэ марозных дзён я прыпыніўся зусім недалёка ад групы вялікіх савукоў (Mergus merganser), якія адпачывалі і чысціліся на прыбярэжным лёдзе. Як яны гэта робяць я бачыў раней шмат разоў і таму нават не пачыў бы іх здымаць, каб зусім невялікая адлегласць да птушак. Яшчэ варта дадаць, што чым большы мароз, тым часцей вадаплаўныя птушкі чысцяць сваё апярэнне і прычына тут вельмі важная і адначасова вельмі простая. Як гэта не дзіўна гучыць, ачышчаюць яны пер'е не ад бруду ці эктапаразітаў (бо наўрацці гэта самая вялікая іх праблема ў мароз), а ..ад вады. Калі не зрабіць гэта своечасова і чым мага хутчэй пасля нырання ці часам нават больш-менш працяглага плавання, вада пачне замярзаць і даволі хутка яе намярзае ўсё больш і больш. А тады вырваць лёд з пер'я будзе або нашмат цяжэй, а калі яго становіцца многа ці ён намярзае ў цяжкадаступных для ачысткі месцах, нават немагчыма. Яшчэ лёд дадае вагу і што можа нават горш для птушак, якія ныраюць за сваёй здабычай, змяняе ўдзельную вагу цела - абцяжарвае ныранне.
І вось пра ўсё гэта я думаў, калі назіраў за адным з самцоў вялікага савука і час ад часу здымаў яго, калі раптам убачыў, што на яго баку, на амаль белым апярэнні, з'явілася жоўтая пляма! Я працягваў здымаць і ўжо дома, пад час прагляду ўсіх здымкаў зразумеў што дакладна я ўбачыў.
У птушак ёсць толькі адна знешняя залоза - хвастцовая і змяшчаецца яна ў аснавання хваста. Саму залозу раней я хаця і толькі аднойчы, але ўжо бачыў раней і таму цяпер ведаў, што адбывалася. Самец савука націскаў на яе дзюбай, набіраў нейкую колькасць алеепадобнай вадкасці (якая па анг. называецца preen oil) і потым рассмароўваў яе на розных частках апярэння. І яна з жоўтай станавілася светла-жоўтай на белым пяры. Так і атрымліваецца, і падтрымліваецца гэтае адценне на апярэнні савукоў! І хаця яно найбольш заўважнае на самцах (у іх белае пяро знаходзіцца шмат дзе зверху цела), у самак жаўцізна таксама ёсць, толькі ўбачыць яе цяжэй (гл. два апошнія здымкі).
Тэарэтычна вядомыя тры асноўныя функцыі гэтай вадкасці з хвастцовай залозы: яна дапамагае ненамаканню пяра; яна мае спецыфічны пах, які нагадвае ферамоны іншых жывёл і дапамагае правільна выбраць партнёра для размнажэння; у ёй ёсць эргастэрол (провітамін D), які пад уздзеяннем сонечнага святла ператвараецца ў вітамін D (неабходны для рэгуляцыі абмену кальцыя і іншых хімічных элементаў). Усе гэтыя тры функцыі надзвычай важныя для вялікіх савукоў узімку, а другая проста неабходная перад пачаткам вясны. А можа магчыма, што па 'жаўцізне' самцоў самкі таксама могуць вызначаць іх здароўе і адпаведна горшы ці лепшы генатып?
Нёман у Гродна, 17-02-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ