Хаця знешне самкі і маладыя рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros) з упэўненасцю знешне не адрозніваюцца, не адрозніваюцца і іх паводзіны пад час харчавання ягадамі чорнай бузіны. У адрозненне ад самцоў, якія прылятаюць без падрыхтоўкі і адлятаюць таксама, маладыя рудахвосткі-чарнушкі і самкі заўважна рыхтуюцца і нейкі час назіраюць на наваколлем кустоў бузіны перш, чым прыляцець на гронку.
Да таго ж часам бывае, што яны пералятаюць з адной гронкі на другую ці трэцюю, звычайна больш нізкую - як бы дадткова назіраючы за тым, што адбываецца побач перш, чым пачаць менавіта адрываць і праглынаць чорныя бліскучыя ягады. Пасля гэтага адлятаюць яны часам у той бок, адкуль прыляцелі, а часам хаваюцца унутры кустоў і там кірунак іх далейшага палёту адсачыць немагчыма.
Парадаксальна тое, што тыя ж асцярожныя маладыя чарнушкі і самкі часам 'застываюць' на месцы на час ад некалькіх секунд да хвіліны і , здаецца, зусім не спяшаюцца пад'есці і адляцець. Па мінулых гадах я ведаю, што гэта можа быць звязана з вывядзеннем (праз дзюбу) своеасаблівай выплюйкі з насення бузіны - гэта робіць больш месца для свежых ягад і патрабуе нейкага часу. Але часам гэта выглядае як нейкі 'бузіновы транс' без рухаў.)
Гродна, 06-09-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ