На наступны дзень пасля вельмі паспяховай рыбалкі маладой шэрай чаплі (Ardea cinerea) у вусці Гараднічанкі прайшоў кароткі, але моцны лівень. Вада ў ёй рэзка паднялася і разам з галінамі і смеццем прынесла ў Нёман глебу і нават кавалкі дзёрну, які абваліўся ў рэчку, падмыты высокай вадой. Таму ў мутнай вадзе нешта ўбачыць стала цяжка і дарослая птушка, якая прыляцела туды рыбачыць, спачатку нават спрабавала злавіць стракозаў (?) у прыбярэжнай расліннасці.
Калі там нічога не атрымалася, прыйшлося вярнуцца на неглыбокую воду - толькі там чапля напэўна мела нейкія шанцы разглядзець рухі патэнцыйных ахвяр нават пры дне. І сапраўды, з другой спробы ў яе атрымалася злавіць там пячкура (?). Але на гэтым шанцаванне скончылася і яшчэ праз некалькі хвілін птушка адляцела ўніз па плыні Нёмана.
Гродна, 27-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ