Усе, хто некалі спрабаваў сам раскалываць грэцкія арэхі, ведаюць, што часам трапляюцца такія, якія вельмі цяжка або нават немагчыма раскалоць на дзве палавінкі і потым дастаць з іх усё ядомае. І вось аднаго ранку пашанцавала паназіраць некалькі хвілін за шэрай варонай (Corvus (corone) cornix) з такім 'складаным' арэхам.
Назіранне пачалося недалёка ад ракі і гарадзкога пляжа, на плітцы набярэжнай. Птушка старалася або разбіць арэх, у якім ужо была невялікая дзірка з-за таго, што атрымалася адкалоць кавалчак шкарлупіння, або прасунуць у дзірку дзюбу так, каб нешта дастаць адтуль. Гэтая яе зусім непаспяховая дзейнасць прыцягнула ўвагу 4 гракоў, якія хадзілі навокал і калі набліжаліся на патрэбную адлегласць, то рабілі выпады каб адабраць арэх.
Але невялікая дзірка у шкарлупінні дазваляла вароне моцна трымаць здабычу і без праблем перанесці яе вышэй, спачатку каля заканчэння схілу, а потым і на яго плоскі верх. Там варона спецыяльна (?) нават справакавала напад на сябе іншага грака, падляцеўшы непасрэдна да яго з арэхам у дзюбе. Спрабуючы раскалоць ці дастаць змесціва на такой невялікай адлегласці ад грака, што ён проста не мог не пасрабаваць адабраць яго) Хоць і гэты грак арэх не адабраў, але і варона ні раскалоць, ні дастаць з арэха нешта большае за малюсенькія кавалачкі не магла. І таму яна пераляцела яшчэ і яшчэ раз і недалёка ад ходніка, калі ўбачыла на газоне купіну скошанай травы, пасрабавала схаваць арэх у яе, прыкрыўшы зверху. Але нешта не спадабалася ў гэтай схованцы і птушка перанесла так і нераскрыты арэх яшчэ раз, спачатку на знак, а потым на іншы схіл і паспрабавала дастаць змесціва арэха чарговы раз:
Але арэх і тут не паддаўся і пераляцеўшы яшчэ некалькі метраў вышэй, варона нарэшце вырашыла яго канчаткова схаваць і зрабіла гэта, прыкрыўшы схованку пучком сухой травы. Раскрыць арэх птушка так і не змагла, але і заставіць проста так іншым, напэўна, таксама)
Гродна, 15-09-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 05.10.2024 - 08:29
Гаспадарская і разумная…
Гаспадарская і разумная варона. Паляжыць арэх у схованцы, шкарлупіна размякне, тады можна і дастаць ядомае смачнае.
Harrier - 05.10.2024 - 10:22
Невядома, ці размякне. Але…
Невядома, ці размякне. Але нейкі запас зроблены. А калі знойдуць іншыя, то і не так шкада як 'нармальны' арэх)