Дакументацыйныя здымкі
Маладыя сінія сініцы (Cyanistes (Parus) caeruleus) вылятаюць з дуплаў, сінічнікаў і гнёздаў у іншых нішах пэўна аднымі з першых нашых гняздуючых відаў. І тое, што іх яшчэ нейкі час пасля гэтага працягваюць карміць бацькі, зусім не дзіўна. Бо навучыцца маладым птушкам пасля вылету трэба шмат чаму, прычым хутка і адначасова: рэагаваць на сігналы небяспекі ад дарослых сініц і птушак іншых відаў; сачыць за перамяшчэннямі бацькоў навокал і першымі падлятаць да іх, выпрошваючы ежу. Даволі хутка аказваецца, што каб быць першымі каля бацькоў, трэба не чакаць іх, а вучыцца паступова пералятаць за імі, У гэты ж час можна і вучыцца самастойна знаходзіць жывёльную ежу там, куды прылятаеш з дарослымі.
Зразумела, што чым большая сямейная група, тым меншая імавернасць таго, што менавіта цябе зловіць драпежнік, да таго ж большая колькасць вачэй ды вушэй павялічвае магчымасць загадзя вызначыць патэнцыйную небяспеку і мець час адпаведна на яе рэагаваць. Ну і навучыцца ў сіблінгаў можна таму, чаго сам яшчэ не ўмееш, спрабуючы капіяваць паспяховыя паводзіны, ды і канкурэнцыя толькі дапамагае ў эфектыўным навучанні.
Ёсць і мінусы: бацькоў, якія шукаюць ежу і кормяць птушанят у незалежнасці ад колькасці першых, усё роўна двое, таму чым больш малых, тым даўжэйшая чарга з ежай да кожнага. Акрамя таго, большая колькасць патэнцыйнай здабычы можа прыцягнуць большую ўвагу драпежніка. Але плюсаў у вялікай кампаніі яўна больш, чым ў меншай і таму сініцы і трымаюцца у коле сваёй вялікай сям'і да таго часу, пакуль не навучацца самастойна знаходзіць адпаведную колькасць ежы. Гэта не дзіўна, дзіўна тое, што яны пастаянна і даволі гучна крычаць пад час пералётаў за (і з) бацькамі, каб тыя не забываліся шукаць для іх ежу і карміць. А дзе самыя галодныя з птушанят знаходзяцца ў гэты момант, чутно за сотню метраў, калі не далей) Ну яшчэ пэўна каб ведаць, ці далёка іншыя, ці не адстаў ты ад іх ці не вырваўся занадта наперад?
Але для чаго рабіць гэта так гучна, прыцягваючы да сябе непатрэбную ўвагу, я яшчэ не зразумеў.
Гродна, 01-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ