Дакументацыйныя здымкі
Амаль кожны раз,калі збіраешся некуды выйсці з хаты троху далей, чым у краму, паўстае дылема: браць з сабой фотаапарат ці не?
Звычайна па дарозе нешта цікавае атрымліваецца ўбачыць што было б варта зняць. І тады вельмі шкадуеш, что фоцік застаўся дома.
Таму ў гэты раз я вырашыў лепш пацягаць яго дзве гадзіны,чым потым шкадаваць, што не ўзяў. І ўжо праз хвілін 10 нешта гучна піскнула на супрацьлеглым баку вуліцы, па якой я йшоў і я ўбачыў на сухіх вяршалінах (з-за абрэзкі "Зелензрубам") двух дзятлаў, аднаго насупраць другога!
Я паспеў зрабіць 4 здымкі і птушкі адляцелі. Ужо ў хаце я ўбачыў, што птушак было не 2, а 3 і ўсе яны - сірыйскія дзятлы (Dendrocopos syriacus). Акрамя гэтага бачна, што як мінімум адна з іх - самка, або самкі ўсе тры, або сярод іх ёсць і маладыя птушкі.
Від гэты ўпершыню быў адзначаны ў нашай краіне ў 1980-м годзе і з таго часу "каланізаваў" большую частку тэрыторыі, акрамя поўначы. Але і дагэтуль - як большасць параўнальна нядаўніх усяленцаў, сустракаецца амаль выключна ў населеных пунктах або недалёка ад іх.
Я і раней сустракаў і здымаў гэты від ў Гродна, але гэта было колькі гадоў таму і новая сустрэча не магла не ўзрадаваць.
Гродна, 17-07-2020
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ