Глухі, але рэзкі гук наперадзе азначаў, што нехта з птушак скінуў на плітку набярэжнай грэцкі арэх. Гэта аказалася шэрая варона (Corvus corone cornix), якая адразу спусцілася да сваёй здабычы, але падабраць яўна расколаты арэх прыляцелі яшчэ 2 гракі i 3 вароны. Але 'здабытчыца' аказалася самай хуткай і каб пазбегнуць магчымых праблем з 'дапамогай', пераляцела некалькі метраў і ўжо там адкінула палову шкарлупіння арэха. Але на маё здзіўленне, 2 з 3 варон падляцелі да яе і не сустрэлі ніякай агрэсіі. Таму я і падумаў, што яны хутчэй за ўсё былі яе птушанятамі, хаця знешне ніяк не адрозніваліся:
У выніку дарослая (?) варона пераляцела са сваёй палавінкай арэха яшчэ раз і села на невысокі мур пад замкам, а да яе далучыўся адзін з птушанят, які не паспеў схапіць ачышаную палавінку арэха на плітцы і яўна выпрошваў хаця б кавалачак арэха ў дарослай птушкі зусім побач з ёй. У рэшце рэшт атрымалася, што нешта дасталося ўсім тром варонам зусім мірным шляхам, па-сямейнаму.
Гродна, 05-10-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ