Праз параўнальна шырокі ўчастак поймы Гараднічанкі я крочыў праверыць ці расквітнелі ўжо тамтэйшыя архідэі, ці яшчэ не. Вузкая сцежка, па якой там ходзяць людзі можа і не кожны дзень, у некаторых месцах ідзе праз негустыя, сухія, мінулагоднія сцябліны невысокіх баршчэўнікаў ці нечага блізкага да іх. І ў адным такім месцы ля самай сцежкі я заўважыў пячураўку-будаўнічка (Phylloscopus trochilus) з ежай для птушанят у дзюбе. Я прыпыніўся паглядзець у які бок птушка панясе сваю здабычу, бо побач ніякага леса ці парка не было, ды і асобныя старыя дрэвы былі параўнальна далёка. Але пячураўка нікуды не спяшалася, перапрыгвала з адной сухой сцябліны на другую і заставалася практычна на месцы. І хутка я зразумеў, што зусім нечакана для мяне, у адкрытым месцы, недзе зусім побач знаходзіцца гняздо з птушанятамі.
Каб птушка магла працягваць іх карміць, а я - здымаць, прыйшлося адыйсці на некалькі метраў у бок рэчкі. І ўжо праз некалькі секунд аказалася, што я быў правы - птушачка нырнула з безхрыбетнымі ў дзюбе некуды ўніз паміж сухімі сцяблінамі і вось ужо пустая пераляцела збіраць новую порцыі ежы на прыбярэжныя вербы, як раз недалёка ад мяне. Прайшло хвіліны дзве, і пячураўка ізноў перапрыгвае ля гнязда, на некалькі секунд прападае і зноў паказваецца на сухіх сцяблінах ужо з пустой дзюбай.
Чамусці пячураўка аказалася ля гнязда толькі адна. Але насякомыя і павучкі навокал, у радыюсе метраў 15 ад гнязда, збіраліся ёй параўнальна хутка і наўрацці птушанятам пагражала смерць ад голаду. Паназіраўшы некалькі хвілін за адным з клапатлівых бацькоў, я вырашыў працягваць свой шлях да архідэй. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Гродна, 19-05-2023
Аўтар - Дзьмтры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ