У нашым горадзе дамавыя (Passer domesticus) і палявыя вераб'і (P. montanus) нярэдка сустракаюцца або побач, або ў той самай чародцы. Часта назіраў я раней, як і адны, і другія купаюцца ў пяску. Але вось такое неардынарнае, але цалкам адпаведнае зместам месца прыёму пясочных ваннаў вераб'ямі абодвух відаў бачыў упершыню.
Ужо гатовых ямак у пяску не хапала на ўсіх вераб'ёў. Таму пасля 'адмакання' (менавіта так выглядалі нерухомыя, па некалькі секунд, трансы асобных птушак, у якіх вышэй паверхні высоўваліся толькі галава і частка хваста) і некалькіх пясочных 'апаласкванняў', вераб'і адляталі і на іх месца прыляталі іншыя. Пясочніца памерамі выглядала хутчэй на басэйн для вераб'ёў, чым на вялікіх памераў джакузі, але чамусьці ямак у пяску было не так шмат і новых пры мне ніхто з птушак не зрабіў. А таму ачыстка пяском ад эктапаразітаў калі і была эфектыўнай, аднак новыя карыстальнікі ямак рызыкавалі засяленнем як мінімум часткі тых, каго папярэднікі змаглі вычысціць з сябе. Можа таму птушкам і прыходзілася зноў і зноў прымаць пясочныя ванны?
Гродна, 08-06-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ