Дакументацыйныя здымкі
Я йшоў праз амаль вясковую вуліцу з адна ці двупавярховымі дамамі ў атачэнні старых і не вельмі садоў калі перад сабой на невысокім клёне ўбачыў сілуэт птушкі, якая вісела уніз галавой і спрабавала з'есці крылатку (насенне клёна). Спачатку я падумаў, што гэта гіль (Purrhula pyrrhula) - яны вельмі любяць есці насенне з кляновых крылатак і там, дзе ёсць старыя клёны раней ці пазней абавязкова з'явяцца гілі.
Аднак сілуэт быў не гіліны. Ды і гіль не ляцеў бы з адарванай крылаткай 'адкрываць' яе на іншую галінку, а зрабіў бы хутка і непасрэдна на месцы. І калі птушка з крылаткай села ніжэй, я са здзіўленнем убачыў, што гэта вялікая сініца (Parus major)! Навокал у складках кары, пад апалым лісцем і сярод сухой травы шукалі насякомых і павучкоў, якія схаваліся на зіму некалькі іншых вялікіх сініц і іх зусім не цікавілі гронкі клёна з крылаткамі.
А гэтая сініца прыціснула абодвумя лапкамі прынесеную крылатку і спраўна адкрыла і дастала з яе плоскае і акруглае насенне. І калі я думаў, што яна зараз - нарэшце! - праглыне яго, птушка пачала другі этап спажывання - пачала разбіваць яго ўдарамі дзюбы і праглынаць дробныя кавалачкі. Даволі хутка ўсё было з'едзена.
На тое, каб з'есці насенне з крылаткі клёна спецыялісты-гілі трацяць лічаныя секунды, гэтай сініцы 'на ўсё' спатрэбілася каля 2 хвілін.
За другой крылаткай яна не паляцела і далучылася да таварак у садзе.
Гродна, 18-11-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ