Дакументацыйныя здымкі
Прыкладна з сярэдзіны лета вялікія бакланы (Phalacrocorax carbo) сталі рыбачыць на Нёмане нават у цэнтры гораду і адпачываць на камнях і каля т.зв. старага, і каля т.зв. новага маста, а раней толькі праляталі далей і рыбачылі тут ўзімку.
У адзін з сонечных дней трое маладых, белапузых птушак развярнуліся каля старага маста і апусціліся пад замкамі навокал мялізны. Сачыць за кожным з бакланаў было складана - яны раз за разам ныралі і вынырвалі далёка не там, дзе апыналіся пад вадой. Але мне, як і адной з птушак, пашанцавала і яна вынырнула з невялікім, але ўжо вусатым сомікам у дзюбе! Каб праглынуць, яго трэба было перахапіць па-іншаму, галавой да сябе. Але пад вадой, куды баклан апускаў соміка каб зрабіць гэта незаўважна ад іншых бакланаў, гэта раз за разам не атрымлівалася і тады прыходзілася падымаць яго над вадой. У перапынках паміж сваімі пагружэннямі гэта заўважылі дзве іншыя птушкі і кінуліся 'дапамагчы'. Абладальнік соміка пачаў уцякаць са здабычай, але што здарылася ў суматосе я не зразумеў - хутчэй за ўсё ён не паспеў яго праглынуць і быў вымушаны адпусціць, бо праз некалькі секунд, калі я зноў знайшоў іх у аб'ектыве, ўсе бакланы былі побач і без рыбы.
Але на гэтым шанцаванне і бакланаў, і маё, не скончылася. Калі прыкладна праз 40 хвілін я ўздоўж ракі вяртаўся дахаіты, вакол мялізны працягвалі рыбачыць ужо толькі двое 'белапузаў'. І як раз, калі я апынуўся насупраць аднаго з іх, ён вынырнуў з ладнай плоткай. Але яе велічыня не аказалася праблемай для птушкі і за секунды баклан яе праглынуў.
А яшчэ праз 5 хівлін абедзве птушкі вылезлі на камяні пад іншым берагам і сталі старанна сушыцца, раскрыўшы і час ад часу махаючы крыламі:
Гродна, 22-08-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ