Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Вялікія савукі: Лавіся рыбка ... Частка ІІІ

Апошні выпадак паспяховай рыбалкі вялікіх савукоў (Mergus merganser), які я ўбачыў у апошнія дні (пра першы - ТУТ, пра другі - ТУТ), здзівіў мяне найбольш.

Я ўжо пісаў раней, што маладыя савукі, а хутчэй маладыя самкі савукоў, зімой рыбачаць асобна ад іншых птушак. Чаму так адбываецца - цяжка ўпэўнена сказаць. Наўрацці на іх накіравана нейкая агрэсія дарослых птушак - прынамсі я нічога такога не бачыў. Але дарослыя савукі даўно трымаюцца парамі, а ў маладых самак пары няма і, напэўна, яшчэ і быць не можа. Ну і магчыма, што калі яны паспяхова рыбачаць у групе, то дарослым лягчэй адабраць у іх здабычу, чым у іншых дарослых - тады траціцца сэнс рыбачыць у групе і яны таму гэтага і не робяць? Карацей, адказу на гэтае пытанне пакуль не маю.

Адна з трох маладых самак (яны добра адрозніваюцца ад дарослых па-першае, рэшткамі белага пер'я адразу за дзюбай вышэй яе; па другое, выразна карацейшым кручком на канцы дзюбы і, па трэцяе, таксама выразна карацейшай 'грывай' з пер'я на галаве) рыбачыла ніжэй старога маста. Час ад часу птушка нырала і вынырвала пустая і паступова аддалялася, хаця я і так не стаяў блізка дa яе. І вось яна вынырнула і не падымае галаву - значыць, нешта злавіла! Часу падыходзіць да яе ўжо не было і я стаў здымаць здалёк.

З таго, што мне было бачна праз відашукальнік камеры - у здабычы была шырокая і плоская галава, чорная ці вельмі цёмная афарбоўка і кароткія пярэднія 'лапкі', я вырашыў, што гэта вялікая жаба, якія зімуюць на дне нашых рэк і іншых вадатокаў. 'За' жабу было таксама тое, што яна ніяк не выдзіралася і ўвогуле паводзіла сябе дзіўнавата для жывой істоты, якую хутка праглынуць. Але нармальна для жабы ў вельмі халоднай вадзе пад час зімоўкі.

Калі ж птушка пачала 'паласкаць' здабычу ў вадзе і паспрабавала яе праглынуць (атрымалася гэта з другой спробы), нейкія сумненні ў мяне не толькі з'явіліся, але і пачалі расці: падалося, што ў 'жабы' ёсць вусы, за якія птушка яе часам трымала ў вадзе, ды і задняя частка цела не выглядала на жаб'ю: была занадта выцягнутай і не падобнай нават на, тэарэтычна доўгія, заднія канечнасці.

Праблема была ў тым, што з-за вялікай адлегласці да савука са здабычай нават моцна прыбліжаныя ўжо дома на маніторы кампутара здымкі не дазвалялі ўпэўнена ўбачыць неабходныя для вызначэння дэталі. Але на першай было бачна, што галава хаця і плоская, але вочы збоку на ёй, а не зверху - як пвінны быць у жабы) Таму жаба адпала, а вось від рыбы я таксама вызначыў не адразу. Чамусьці спачатку падумаў пра чужародны від - ратана-галавешку, але ў яго амаль нічога не пасавала і тады вырашыў глянуць.. сама (Silurus glanis). І тут падыйшло ўсё, акрамя велічыні.) Але калі ўспомніць, што самЫ таксама бываюць маленькімі, то на гэтым вызначэнне паспяхова скончылася. Засталося толькі здзіўленне - чаму ён зусім і ніяк не супраціўляўся.

Нёман у межах Гродна, 29-01-2022

На апошніх трох здымках бачна, наколькі рознымі бываюць маладыя самкі ў той самы час. Ці залежыць гэта толькі ад розніцы ва ўзросце птушак (некаторыя маглі вывесціся на дні ці нават тыдні пазней), ці ад розніцы ў харчаванні ці яшчэ ад чаго - невядома.

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Каментары

Маладыя самы ў рэках, ва ўзросце аднаго года, дасягаюць 20 см даўжыні. Так што птушка злавіла падгадаванага сома. Не пашанцавала соміку. Як добра, што можна сфатаграфаваць і паказаць зафіксаваны факт.