Дакументацыйныя здымкі
Увечары, калі я вяртаўся да хаты ўзхдоўж ракі, маю ўвагу прыцягнула трошкі дзіўныя, нізкія палёты дарослых вясковых ластавак (Hirundo rustica) над тым самым месцам. А на наступны дзень зранку я там разгледзеў 'свежы' вывадак з 5 маладых ластавак, якія даволі добра хаваліся сярод галінак і лістоў на адным з нізкіх кустоў вярбы.
Амаль насупраць іх, на высокай агароджы, сядзела другая пяцёрка ластаўчынай моладзі - іх я, у асноўным, і здымаў. Выглядалі яны даволі разгублена: навокал віравала жыццё, праляталі і спявалі або крычалі іншыя птушкі, былі і разнастайныя гукі ад транспарту, ды яшчэ параўнальна побач, унізе, гулялі людзі. Моладзь яўна не ведала як правільна на ўсё гэта рэагаваць і мне яны нагадалі групку вясковых падлеткаў, якіх упершыню прывезлі на вакзал у вялікі горад)
Праз нейкі час аказалася, што некаторым маладым ластаўкам нашмат зрунчей сядзець на металічных перылах набярэжнай, чым на галінках вярбы, і дарослыя птушкі пачалі ім прыносіць насякомых туды, заадно і самі адпачывалі побач. Але даволі частыя мінакі ўсё ж заміналі і бацькам, і дзецям і птушкі вярнуліся на кусты бліжэй да ракі.
Гродна, 24-06-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 01.07.2022 - 09:10
Назіраць за ластаўкамі…
Назіраць за ластаўкамі цікава, асабліва, калі яны выкормліваюць ужо вялікіх, нахабных i пражэрлівых птушанят.