Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Зімовыя тэрыторыі крапіўнікаў: З пагонямі і без

крапіўнік

Дакументацыйныя здымкі

Першага крапіўніка (Troglodytes troglodytes), які ўжо заняў сабе зімовую тэрыторыю на беразе Нёмана, я пачуў па характэрнаму відавому патрэскванню яшчэ 10 кастрычніка. І з таго дня час ад часу бачыў і асобных птушак, і зноў чуў папярэджваючы канкурэнтаў голас, і назіраў некалькі пагоняў за парушальнікамі межаў.

Дзве найбольш цікавыя гісторыі, сведкам якіх я стаў з таго часу, ніжэй.

Першая адбылася ў сярэдзіне лістапада, больш праз месяц пасля прыкладнага пачатку падзелу прыбярэжнай расліннасці паміж крапіўнікамі. Яшчэ не было маразоў і параўнальна шмат лісця (негледзячы на назву месяца) яшчэ трымалася на вербах. Я здалёк пачуў траскатанне крапіўніка на беразе і падыйшоў пагядзець як скончыцца тэрытарыяльны канфлікт або ў чым там можа быць небяспека для птушкі, пра якую ён абвяшчае навокал (першыя два здымкі ніжэй).  Аднак ніякай небяспекі я не ўбачыў, як і тэрытарыяльнага канфлікту. Самотны крапіўнік пераскокваў ці пералятаў на розныя адлегласці ў нешырокім пасе рэдкай прыбярэжнай расліннасці ад вады да бетоннай набярэжнай і час ад часу гучна патрэскваў.  Супернікаў нідзе не было бачна і ён працягваў даследаваць гэтае месца, паволі перасоўваючыся ўздоўж вады ўсё далей і далей. За прыкладна 15 хвілін птушка такім чынам праляцела не менш 60 метраў і нідзе ні разу не сустрэла іншага крапіўніка! І я зразумеў, што гэта або нядаўні гаспадар, які хоча праз канфлікты з суседзямі вызначыць магчымыя межы сваёй зімовай тэрыторыі тут, або (што менш імаверна) стары, які спрабуе пашырыць сваю тэрыторыю і ніхто яму ў гэтым не перашкаджае.

Другая гісторыя адбылася ў першы дзень каляндарнай зімы, з марозам, але амаль без снегу. Я таксама параўнальна далёка пачуў трэвожны трэск крапіўніка і калі падыйшоў да берага, то птушку не прыйшлося доўга шукаць у аб'ектыве. Яна сядзела на самым высокай (у параўнанні з навакольнай заламанай ветрам) расліннасці ў самай вады і абвяшчала, што навокал 'усё маё!'.  Стала зразумела, што гэта - гаспадар. Праз некалькі секунд заўважыў парушальніка - іншага крапіўніка -  і ён, і я . Той стараўся нізка і хутка пералятаць паміж сухой расліннасцю бліжэй да набярэжнай (і мяне). Але там, дзе мог праціснуцца адзін крапіўнік, каб схавацца, мог і другі. І пачалася спачатку адна, потым другая пагоня, якіх за некалькі хвілін адбылося пяць. Гаспадар тэрыторыі, якая складалася з самага шырокага паса прыбярэжнай расліннасці тут шырынёй у метраў 10, стараўся максімальна блізка гнаць парушальніка межаў за іх, а калі не бачыў яго, то сядаў на добрым для агляду наваколля месцы і абвяшчаў, што ведае, што той яшчэ тут. А потым пачыналася новая пагоня.

У рэшце рэшт парушальнік аказаўся суседам, які адляцеў метраў 15 убок і тады патрэскванне і пагоні спыніліся.  Яго тэрыторыя была вужэйшай у разы два і наўрацці больш доўгай, чым у суседа. І магчыма ён спрабаваў павялічыць яе, але пільны сусед не даў яму такой магчымасці. 

Усё ж спрабаваць бывае варта - можа твой сусед загінуў ці аслаб настолькі, што не зможа актыўна супраціўляцца? А наперадзе ж яшчэ ўся зіма...

17.11 і 01.12.2023, Гродна

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі