“Нашы птушкі” ў гасцях у навукоўцаў

    З мінулай пятніцы на працягу амаль двух наступных тыдняў у Інстытуце фармакалогіі і біяхіміі НАН Беларусі будзе працаваць фотавыстава “Нашы птушкі-2009”. Складаецца яна амаль з 50 найлепшых фотаработ сябраў АПБ (і не толькі) з Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, якія адлюстроўваюць не толькі шыкоўныя партрэты, але і цікавыя моманты з жыцця нашых пярнатых суседзяў.


    Ужо ў першы дзень выстава карысталася вялікай увагай супрацоўнікаў Інстытуту: ад тэхнічнага персаналу да навуковых супрацоўнікаў. Яны з захапленнем каментавалі розныя выявы птушак і дзякавалі нам за прыемныя моманты, якія фотаздымкі дапамаглі ім перажыць.
    Цікава, што найбольшай папулярнасцю карыстаўся фотаздымак амялушак, якія ядуць ягады рабіны, зроблены Мікалаем Гулінскім з Гродна. Менавіта гэтая яго праца набрала пад час справаздачнай канферэнцыі Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ у лютым гэтага году найбольш балаў гледачоў і перамагла ў абласным конкурсе на найлепшы здымак птушак.

    Шчыра дзякуем сябраў АПБ з Гродна: Тацяну Смыкоўскую, Алену Вінчэўскую І Дзяніса Табунова, а таксама кіраўніцтва і супрацоўнікаў Інстытуту фармакалогіі і біяхіміі за дапамогу ў размяшчэнні ў апошнім фотавыставы.

    Больш пра вандроўкі “Нашых птушак” гл. на нашым сайце тут:
http://birdwatch.by/news/138
http://birdwatch.by/news/210

 

      З другой паловы верасня да лютага 2010 г. “Нашы птушкі-2009” могуць бясплатна прыехаць і да Вас, калі Вы зможаце дамовіцца з кіраўніцтвам сваёй школы, бібліятэкі, кінатэатру ды любой іншай публічнай установы пра размяшчэнне фотавыставы ў адпаведным памяшканні на працягу тыдня-двух. Свае заяўкі дасылайце на е-мэйл: APB_Hrodna@tut.by

 

Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ.
Здымак аўтара.

Comments

На мой погляд важна, каб подпісы не залазілі на здымак або рамку.

На гэтым здымку развешваньне не скончанае (гэта бачна на заднім плане), таму большасьць цэдлікаў апынулася зьнізу. Але і збоку некаторыя ёсьць.