“Нашы птушкі” пераляцелі ў Бераставіцу

Сёньня фотавыстава, арганізаваная Гродзенскім абласным аддзяленьнем АПБ з лепшых здымкаў птушак фотамайстроў з Гарадзеншчыны, пераехала ў сярэднюю школу імя С.Прытыцкага ў раённы цэнтар Вялікая Бераставіца. Больш за 40 фотаздымкаў гарадзенскіх фатографаў: Дзьмітрыя Вінчэўскага, Георгія Гулеўскага, Мікалая Гулінскага, Сяргея Чарапіцы і Дзьмітрыя Якубовіча гасьцінна размясціліся ў холе школы на другім паверсе, дзе не толькі ўпрыгожваюць адну са сьцен, але таксама некалькі адмыслова падрыхтаваных стэндаў.

Цікава адзначыць, што адзін з аўтараў фотаздымкаў – Мікалай Гулінскі (дарэчы, чатырохразовы пераможца абласнога фотаконкурса “Нашы птушкі”), ёсьць выпускніком гэтай школы 1955 года! Менавіта дзякуючы яго дамоўленасьцям з адміністрацыяй роднай школы землякі змогуць паглядзець на хараство і разнастайнасьць нашых птушак. А больш за 800 вучняў і некалькі дзесяткаў пэдагогаў даведаюцца пра АПБ і яе дзейнасьць па захаваньні біяразнастайнасьці.   Фотавыстава будзе працаваць у Бераставіцы да 13 красавіка, пасьля чаго пераедзе ў іншыя мястэчкі і гарады Гарадзеншчыны. Вандроўка толькі пачынаецца!   Дзякуем адміністрацыі школы за дапамогу ў разьмяшчэньні фотавыставы. 26-03-2009 Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі, здымак аўтара