Дакументацыйныя здымкі
Мы йшлі ранкам уздоўж ракі ўніз па яе плыні. Я здымаў як над чыгуначным мастом праз Нёман узыходзіць сонца і не пераставіў на '0' баланс белага ў камеры. А калі мы выйшлі за т.зв. стары мост і прайшлі з сотню метраў, як раз насупраць рыбакоў з вудамі на нашым беразе, толькі на вышыні ў некалькі метраў, я заўважыў вялікую драпежную птушку, за якой ляцелі на рознай адлегласці некалькі шэрых варон.
Птушка завісла на адным месцы і плаўна, пад зусім невялікім вуглом спікіравала да вады бліжэй да нашага берагу. І я чамусьці падумаў, што гэта нейкая вельмі цёмная скапа, але калі яна прываднілася на долі секунды, на сонцы стаў бачны характэрны цёмны з белым і клінавідным выступам хвост маладога арлана-белахвоста (Haliaetus albicilla)! Я паспеў навесці фоцік без асаблівага прыбліжэння і зрабіць вельмі цёмны здымак і нават не зразумеў, ці ён падняў нешта з вады і панёс у лапах ці не. А калі пераставіў баланс белага на адпаведны сытуацыі, птушка ўжо няспешна ляцела насупраць касцёла і набліжалася да маста і хаця я зрабіў яшчэ некалькі здымкаў, больш-менш удалымі атрымаліся толькі два.
Эскорт з варон ізноў далучыўся да арлана і расцягнуўся за ім, але падалося, што вялікая птушка старалася не звяртаць на яго ўвагі. А ўжо ў хаце, асвятліўшы на кампутары першы здымак я ўбачыў, што арлан схапіў і панёс далей добрую рыбу.
Гэта мая другая сустрэча з арланам-белахвостам у цэнтры гораду і першая 'не зімовая'.
Гродна, 03-11-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 07.11.2024 - 14:25
Цікавае назіранне. Не…
Цікавае назіранне. Не заўсёды такое ўбачыш. Вароны хацелі адабраць рыбу, ці рэагавалі, як звычайна, на драпежніка?
Harrier - 07.11.2024 - 18:44
Думаю, што рэагавалі так на…
Думаю, што рэагавалі так на арлана, бо ляцелі за ім і да таго, як ён схапіў рыбу.