Гэты сезон аказаўся экстрэмальным для драздовых чаротавак (Acrochephalus arundinaceus) у межах гораду. А ўсё з-за таго, што ўвосень была скошаная прыкладна палова ўжо сухога трыснягу ўздоўж берагоў. Напэўна, яго скасілі б і цалкам, але рабілі гэта з берагу з адпаведным узроўнем вады і знішчылі толькі тое, да чаго тады змаглі дацягнуцца трымарам. Вясной перад іх прылётам на гнездавыя тэрыторыі знішчэнне прыбярэжнай расліннасці паўтарылі і ў гэты раз пазасталая палова зменшылася зусім крытычна - шмат дзе засталася толькі вузкая палоска трыснягу далей ад берага. Раней трыснёг не чапалі зусім, таму мой погляд на тое, што адбылося быў адназначны - хутчэй за ўсё чаротаўкі не займуць амаль нічога з 7-8 ранейшых гнездавых участкаў.
Але адбылося інакш! Першы з прыляцелых самцоў заняў раней самую вялікую і шырокую купіну трыснягу з аднаго боку вусця Гараднічанкі, другі - з другога, а потым чарговыя птушкі пачалі гучна спяваць з усіх былых сваіх гнездавых тэрыторый дзе ў самай экстрэмальнай засталося толькі 30 (!) сухіх сцяблін трыснягу, а ў 10 метрах ад яго спяваў іншы, дзе іх было можа толькі ўдвая больш. Ніхто з іх не заняў раней вялікую тэрыторыю каля пляжа, таму што яе змаглі вясной скасіць усю, пад нуль. І яшчэ 2 самцы спрабавалі час ад часу спяваць з зараснікаў вярбы каля вады, дзе ніякага трыснягу і не ыбло раней, але гэтыя спевы перамяшчаліся на дзесяткі метраў у розныя дні і, хутчэй за ўсё, самак яны не прыцягнулі.
Цікава, што змяняліся і паводзіны самцоў і месцы, з якіх яны спявалі. Адразу пасля прылёту часта гэта былі цалкам адкрытыя сцябліны трыснягу і нават іх вяршалінкі, потым яны 'навучыліся' спяваць недзе невысока над вадой з зялёнага, новага трыснягу ці з сухіх рэштак скошанага. А потым зноў сталі вылазіць і спяваць адкрыта:
Час ад часу самцы спрабавалі пераляцець да суседзяў, але атрымлівалі там адпор ад гаспадароў і вярталіся на свае вельмі абмежаваныя дурасцю людзей 'соткі'. Тым не менш, самкі насілі матэрыял на гнёзды і я спадзяюся, што ўсё ў чаротавак нават у такі экстрэмальны сезон атрымаецца.
21-05-2026, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ