Дакументацыйныя здымкі
Я вяртаўся дахаты ўздоўж берагу Нёмана, калі раптам, ніжэй дарогі, на схіле да ракі затрашчалі крапіўнікі (Troglodytes troglodytes). Я адразу зразумеў, што нешта там не так, бо звычайна трашчыць толькі адна птушка - гаспадар гэтай зімовай тэрыторыі, а яе парушальнік пасля выкрыцця стараецца паводзіць сябе ціха. А тут яўна турбаваўся больш, чым адзін крапіўнік.
Я хутка падбег некалькі метраў наперад і прычына трывогі птушак стала зразумелай - сярод негустых вербаў па беразе йшоў бела-шэры кот. Я адразу гучна шыкнуў на яго і коцік хуценькі ўзабраўся па схіле да дарогі, перабег яе і потым прапаў недзе за плотам аднаго з дамоў на Рыбацкай вуліцы.
А крапіўнікаў аказалася двое, прычым яны яшчэ некалькі секунд трмаліся побач на той самай вярбе і ўжо менш узбуджана трачалі. А калі зразумелі, што драпежнік сапраўды знік, хутка разляцеліся. І вось так я зразумеў карысць ад суседа, пра якую раней не задумваўся. Бо хаця сусед з кожнага боку абмяжоўвае тваю тэрыторыю, аднак у падобных выпадках можа ўратаваць табе жыццё калі першым заўважыць небяспеку і адразу падыме трывогу, дапаможа адсачыць калі драпежнік (і магчыма куды) знікне. Hу і ў крайнім выпадку можа стаць ахвярай замест цябе.
Гродна, 03-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ