Дакументацыйныя здымкі
Гэта быў чарговы спякотны дзень. Я вяртаўся дадому па высокаму берагу Нёмана, калі маю ўвагу прыцягнулі шумныя 'разборкі' шпакоў (Sturnus vulgaris) наперадзе. Хутка аказалася, што ўдзельнічалі ў іх не ўсе птушкі - некаторыя стараліся ахалодзіць сябе, часта і цяжка дыхаючы праз шырока раскрытую дзюбу. А вось тыя, што ўдзельнічалі, дзялілі апошнія ягады невысокай чарэшні. Усе іншыя чарэшні былі ўжо некалькі дзён як 'вызваленыя ад ураджаю': якія шпакамі, іншыя - людзьмі, а большасць і тымі, і другімі. А гэтае дрэўца нікога не прыцягвала, ажно як раз сёння прыйшла і яго чарга.
Калі я падыйшоў бліжэй, на ім заставаліся апошнія ягады і костачкі ад іншых, якія паспелі ачысціць ад смачнай мякаці птушкі. Таму дарослы шпак, які прыляцеў і сеў паблізу з ягадай, у якой засталася костачка, здзівіў мяне - звычайна яны не могуць і не праглынаюць нічога, апроч мякаці, бо костачку засвоіць не могуць. Але сытуацыя не спрыяла ачыстцы ягады ад мякаці на дрэве, нашмат надзейней было адарваць яе і праглынуць цалкам. Бо інакш гэта маглі зрабіць іншыя - ягад заставалася ўсё менш і менш, таму і звычайныя паводзіны прыйшлося мяняць. А можа пад час 'ачысткі' ягада адарвалася, і кінуць недаедзеную было шкада? Так ці інакш шпак здзівіў мяне яшчэ раз: выцягнуўшы шыю і давячыся, усё ж праглынуў чарэшню з костачкай.
А праз некалькі секунд уся невялікая чародка птушак сарвалася і адляцела - ягад на чарэшні больш не было.
Гродна, 15-06-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ