Дакументацыйныя здымкі
Амаль адразу, як я падняўся на наднёманскую тэрасу, наперадзе пачуў трывожныя і непрыемныя крыкі соек (Garrulus glandarius). Крычаць яны па розных повадах і калі гэта робіць адна з іх, на гэта можна нават не звяртаць увагу. Але тут даволі хутка аказалася, што трымаюцца разам і турбуюцца не адна, а адначасова тры птушкі - значыць прычына нейкая сур'ёзная. Але каб убачыць і разгледзець яе, мне спатрэбіўся дадатковы час.
Справа ў тым, што у тым месцы, куды я рэгулярна падымаюся з берага ракі, ёсць паласа даўжынёй метраў 60 і шырынёй метраў 30, якая некалі была падзелена на вузкія (шнуравыя?) надзелы, яны даўно не выкарыстоўваюцца па прызначэнні і некаторыя з іх зараслі разнастайнай расліннасцю. І адзін з іх зусім густа, непралазна зарос нейкімі шырокалісцевымі дрэўцамі і менавіта там хваляваліся з краю сойкі і сядзела, прыкладна пасярэдзіне, самка шуляка-карагольчыка (Accipiter nisus).
Калі я яе ўжо знайшоў позіркам, вызначыць было нескладана. А вось знайсці месца і ракурс так, каб добра сфоткаць, так і не атрымалася - столькі галін і галінак было перад ёй, што ў прасветы паміж імі нават цалкам галава птушкі не ўлазіла - заўсёды былі нейкія сучкі, якія перашкаджалі.
Нельга сказаць, што драпежніца адпачывала там (а гэта быў яўна адпачынак) у нейкім трансе і ні на што не звяртала ўвагі:
Але вось сойкі, якія яе выкрылі, праз хвіліны 2 перасталі крычаць і або проста сядзелі метрах у 15 бліжэй да краю зарослага вучастка, або калі і пераляталі, то таксама там і зусім недалёка. Нападаць на іх самка наўрацці збіралася, але і працягваць займацца сваімі справамі сойкі не рашаліся - гэта магло паслужыць для шуляка прапановай напасці.
Таму наступныя хвілін 20 прайшлі ў чаканні: самка адпачывала, падсушвала пер'е і часам чысціла яго; сойкі чакалі, пакуль яна адляціць; я чакаў на нейкія змены месцазнаходжання і шуляка, і соек. І вось сойкі пачалі крычаць ізноў і сталі падлятаць бліжэй да небяспекі і працягвалася гэта не больш хвіліны. Ці то самка карагольчыка адрэагавала на гэтую іх змену паводзін, ці то яна і так ужо збіралася адляцець, але хутка і амаль незаўважна праляцела праз гушчар з дрэўцаў і знікла недзе ў парку.
Гродна, 18-12-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
------------------------------------
На гэтую тэму троху раней і паблізу гэтага месца:
Cойкі VS шуляк-карагольчык
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 08.01.2026 - 08:30
Драпежнікам цяжка быць не…
Драпежнікам цяжка быць не заўважанымі, усюды ёсць вочы. Хтосьці заўсёды папярэдзіць аб небяспецы.
Хоць і густыя галінкі, але здымкі атрымаліся ў фокусе.
Harrier - 08.01.2026 - 10:43
Дзякуй! Так, бо калі загадзя…
Дзякуй! Так, бо калі загадзя яго заўважыць, гэта ўжо мець магчымасць хутчэй за ўсё пазбегнуць гібелі.