Я вяртаўся дадому праз стары мікрараён і калі праходзіў недалёка ад агароджы дзіцячага садку, па абодва бакі якой засталіся рэшткі старага саду, пачуў не вельмі выразнае "...гіль... гіль..". Гэта яўна быў гіль (P. pyrrhula) я і ўжо ведаў каго мне трэба шукаць на дрэвах навокал. Я вярнуўся на некалькі метраў назад па сцежцы ў снезе, прайшоў наперад, але як ні ўглядаўся ў невысокія дрэвы, нікога не ўбачыў. "Можа прычудзілася" - падумаў і пайшоў далей. Але тут зноў пачуў знаёёмую пазыўку і зноў пачаў азірацца і гэтаксама безвынікова. Павярнуў да наднёманскай тэрасы паміж крайнім радам дамоў і тут наперадзе ўбачыў гілёў! Яны сядзелі даволі высока на старых клёнах, але мала хто з іх еў кляновыя крылаткі - большасць проста адпачывала.
Я паспеў падыйсці бліжэй і зрабіць некалькі здымкаў ў ракурсе моцна знізу (так, што падавалася, што птушкі ганарыста пазадзіралі свае масіўныя дзюбы ўгару)), як амаль усе птушкі, пад 20 асобін, сарваліся з дрэваў і паляцелі прыкладна туды, адкуль я прыйшоў. Прыйшлося вяртацца і шукаць іх.
І тут мне пашанцавала - пасля нядоўгіх вандровак я насупраць сонца, якое ўжо сядала, заўважыў рух на цёмным фоне раскідзістага пенсільванскага ясеня і ўжо быў амаль упэўнены, што знайшоў гілёў! Так і ёсць - гэта яны. Стараюцца без перапынку вылушчваць насенне, якога вельмі багата на гэтым дрэве. А калі глянуў на снег пад ясенем, то ўбачыў, колькі гілі яго ўжо з'елі. Час ад часу птушкі пераляталі з галіны на галіну, але ўсё цішком, без кантактных гукаў - на іх няма часу з-за марозу, ды і рот жа заняты:
Магчыма, каб гілі не пераляталі з месца на месца на ясені, я б прайшоў побач і не заўважыў бы іх - настолькі непрыкметныя яны былі. Але калі абыходзіў дрэва, каб паздымаць іх па сонцу, снег моцна зарыпеў пад маімі нагамі і частка птушак з пазыўкамі "гіль? гіль" адляцела на суседнія дрэвы - яўна спалохаліся. Тым не менш есці ўсё ж трэба і даволі хутка пасля таго, як я заняў добрую пазіцыю і снег навокал перастаў рыпець, гілі пачалі вяртацца, а з часам прыляцелі і новыя. Сонечная вячэра ў поўнай цішыні праягвалася.
Гродна, 18-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ