Зімародкі (Alcedo atthis), норку якіх я ведаў на Гараднічанцы, хутчэй за ўсё засталіся на зіму на Нёмане і загінулі, але месца ў пойме навокал аказалася цікавым і на іншыя віды птушак.
У пачатку красавіка я ўбачыў самца вялікага дзятла (Dendrocopos major), які правяраў старае дупло (якое я назваў 'пад грыбам'), у адной з вербaў на беразе рэчкі. І ў той жа дзень прыкладна адтуль жа пачуў негучныя, але выразныя гукі - нейкі дзяцел 'настайліва' дзяўбаў дрэва!
Адпаведных па таўшчыні вербаў там не так шмат і даволі хутка я знайшоў, што гэтым займалася самка вялікага дзятла:
Але яна не паглыбляла старае дупло, якое правяраў самец, а дзяўбла новае, у іншым дрэве і метрах у 20 ад таго, якое аглядаў самец. Стала зразумела, што самка вырашыла па-свойму, самец дапамагаў ёй у гэтым толькі некалькі секунд і пасля гэтага надоўга прапаў.
Я ўжо планаваў пазней паздымаць як дзятлы будуць карміць там птушанят. Але аказалася, што, на жаль, самка памылілася з выбарам дрэва пад гнездаванне....
Працяг будзе
Гродна, 08-04-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ