У чарговы раз аказалася вельмі карысна бачыць раней і зразумець нейкія параўнальна складаныя паводзіны птушак - у гэты раз працэс загарання на сонцы - каб іх зноў убачыць. Дарослая вясковая ластаўка (Hirundo rustica) прысела на драўляную надбудову над невясокім дахам на беразе Нёмана, а потым пачала неяк завальвацца на бок, распусціўшы пер'е хваста і прыадкрыўшы крылы:
Выглядала гэта так, як бы птушка падстаўляла пад сонечныя промні нейкія часткі свайго цела і раскрыты хвост, на нейкі час нават апынуўшыся ў нейкім трансе з заплюшчанымі вачыма. Аднак працягвалася гэта нядоўга, можа каля хвіліны і потым птушка прыняла спачатку больш нармальную позу, а потым адляцела.
Для чаго ж птушкі загараюць? Хаця агульна прынята называць яго ‘вітамін’, насамрэч вітамін D біяхімічна яўна адносіцца да стэроідных гармонаў як па хімічнай структуры, так і па фізіялагічным праяўленням ці дзеянню. У адрозненне ад многіх іншых вітамінаў, якія сінтэзуюцца ў арганізме або ‘атрымліваюцца’ разам з ежай, вітамін D сінтэзуецца на пер’е пад уздзеяннем ультрафіялетавай часткі святла на эргастэрол з масляністай вадкасці, якую птушкі наносяць на пер’е як сакрэт хвастцовай залозы. Гэтак адбываецца як мінімум у некаторай часткі відаў. Пасля траплення ў арганізм дзякуючы рэгулярнай чыстцы пер’я, ён дзейнічае хутчэй як гармон, які ўдзельнічае ў эксперэсіі некаторых генаў у розных клетках, рэгулюе абсорбцыю клеткамі кальцыя і фосфара. Гэта неабходная ўмова для падтрымання адпаведнай структуры касцей і агульнай метабалічнай актыўнасці.
Гродна, 18-07-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ