Калі вяртаўся ўвечары дахаты каля т.зв. старага маста праз Нёман, неяк няўцямна адчуў, што нешта там змянілася. То бок з'явілася тое, чаго яшчэ не было ні зранку, ні ў абед. Падняў галаву і прыгледзеўся, а на гранітных плітах у праезда пад мастом сядзіць свежы вывадак вясковых ластавак (Hirundo rustica)!
Спачатку не мог зразумець - колькі ж іх? Але хутка аказалася, што менавіта птушанят 5, а час ад часу побач з імі сядаюць для адпачынку і дарослыя ластаўкі, таму і здавалася, што іх 6 ці 7, што было б занадта шмат для аднаго, але малавата для двух вывадкаў.
Бацькі прыляталі і кармілі патомства даволі часта, толькі зняць сам момант перадачы насякомых з дзюбы ў дзюбу было складана з-за таго, што было невядома каму менавіта з птушанят будзе прынесена наступная порцыя. Не ведалі гэтага і самі маладыя ластаўкі, таму і то сядзелі асобна, на нейкай адлегласці ад іншых, то прыляталі і далучаліся да аднаго ці двух сіблінгаў. Часам гэта было пасля таго, як нехта з іх атрымліваў ежу ад бацькоў, а часам і без бачнай прычыны. Ці павялічвала гэта імавернасць атрымаць ежу ў наступныя прылёты бацькоў, сказаць цяжка. Здаецца, яны ўсё ж аддавалі ежу рандомна.
Гродна, 10-06-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ