Дакументацыйныя здымкі
Гэтая гісторыя пачалася як звычайна бывае ў падобных выпадках. Прыкладна ў 16.30 патэлефанаваў мой стары знаёмы з гарадзкой інмпекцыі аховы прыроды і сказаў, што ў адным са шматпавярховікаў на вуліцы Паповіча, на 8-м паверху на лесвічнай клетцы ў пад’ездзе, па словах жанчыны, сядзіць ‘арол памерам па калена’. Гучала гэта настолькі непраўдападобна, што такое цяжка было б выдумаць. У мяне былі 2 ‘рабочыя’ варыянты: гэта шуляк-каргольчык ці шуляк-галубятнік (Accipiter gentilis). Але апісанне памераў яўна не адпавядала ніводнаму з іх. І я пагадзіўся з’ездзіць і паглядзець хто гэта можа быць і калі будзе трэба, дапамагчы птушцы выбрацца на волю.
Праз некалькі хвілін мы ўжо ехалі па названаму адрасу і яшчэ праз хвілін 10 ужо прыпаркаваліся ў двары дзевяціпавярховага, стандартнага, савецкай пабудовы, дома. Незвычайным там было толькі тое, што як раз насупраць верхніх паверхаў, у двары, на бярозах была невялікая грачыная калонія. І яшчэ ніводнае з вокнаў пад’езда не было разбітае, таму заставалася незразумелым, як той ‘арол’ мог трапіць унутр.
І тут пачаліся розныя цяжкасці, якія пераследавалі нас амаль усю наступную гадзіну. Па-першае, аказалася, што тэлефанавала наконт птушкі жанчына, якая не жыве ў патрэбным нам пад’ездзе, а пра птушку паведаміў ёй сын, які там выйшаў ад рэпетытара. Таму і ўваходныя дзверы ў пад’езд яна нам адчыніць не магла. З 5 ці 6й спробы ўсё ж пад’езд нам адчынілі і мы трапілі ўнутр. Я прапанаваў падымацца пешшу, таму што птушка магла пераляцець на любы паверх - калі б захацела.
Ужо на 6-м паверсе на прыступках з’явілася свежае, дробнае пер’е шызага галуба, якое яўна паходзіла са здабытай ‘нашым’ драпежнікам птушкі. Паступова яго станавілася ўсё больш, а на 8-м курцамі былі прыадчынены ўверх абедзьве фрамугі пад’езднага вакна – іншага рэальнага шляху, каб заляцець унутр за галубом, уявіць было немагчыма. Хутка аказалася, што шуляк-галубятнік – а гэта быў ён (ці хутчэй яна, бо самка) сядзела вышэй апошняга паверха, за рашоткай, за якой лесвіца вяла на паддашша. А на дзвярах туды быў замотаны ланцуг, на якім вісеў замок.
Быў ужо пачатак шостай і ў ЖЭСе, у якім быў ключ ад замка, нікога не аказалася. Ратаўнікі, да якіх у рэшце рэшт прыйшлося звярнуцца, бо ў нас былі думкі пра тое, што ланцуг можна разрэзаць спецыяльнымі гідраўлічнымі шчыпцамі, адмовіліся прыехаць. Але замест сябе прыслалі аварыйную службу. Тая прыехала вельмі хутка і як ні дзіўна, з 4й спробы змаглі падабраць патрэбны ключ і адчынць дзверы да шуляка. На прыступках, якія вялі на паддашша, ляжаў аб’едзены шызы голуб, а шуляк лятаў туды-сюды пад столлю або зусім побач са мной.
Пакуль я думаў як мы яе тут зловім, птушка праляцела зусім блізка, я змог схапіць яе і прыціснуць да сценкі. Самая цяжкая частка справы была зроблена!
Усе разам мы спусціліся на ліфце і на вуліцы, па маёй просьбе, кіроўца аварыйшчыкаў дастаў аптэчку, ускрыў ампулу з ёдам і апрацаваў невялічкую ранку на сгібе аднаго з крылаў. Косткі ў птушкі не былі зламаныя, мы пафатаграфаваліся з мясцовай селебрыткай і я падкінуў яе ў гару. Шуляк добра паляцеў і сеў метрах у 20 ад нас на адно з недабудаваных гнёздаў гаркоў. Навокал адразу пачалася спачатку апніка сярод іх, а потым і спроба прагнаць драпежніка. Таму праз некалькі секунд птушка адляцела і знікла за домам. І дзякуй богу!
-------
А калі мы ужо вярталіся, я падумаў, што калі хлопчык быў невысокі, то пра ‘арла вышынёй па калена” ён мог і не падмануць)
Гродна, 27-03-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 30.03.2023 - 08:55
Цікавая гісторыя, а…
Цікавая гісторыя, а дакладней – незвычайная прыгода шуляка-галубятніка. Захапіўся паляваннем, і патрапіў у складанае становішча. Добра што "аперацыя" выратавання птушкі прайшла паспяхова. А добрыя здымкі застануцца на памяць.
Harrier - 30.03.2023 - 09:46
Дзякуй за добрыя словы,…
Дзякуй за добрыя словы, Уладзімір!