Прыкладна тры тыдні таму жаўрукі-смецюхі (Galerida cristata) выляцелі з гнязда і з таго часу вядуць самастойны лад жыцця - дарослых, якія б кармілі іх ці папярэджвалі аб небяспецы, я побач не бачыў.
Тры маладыя жаўрукі трымаюцца разам і час ад часу глядзяць у неба - ці не ляціць там драпежнік?
Але не толькі яны вымушаныя баяцца - шматлікая моладзь выляцела з блізкай фермы ў гарадзкіх і вясковых ластавак. Яны раптам ўзляцелі і паднялі шум, але было ўжо позна - шуляк-карагольчык праляцеў побач з месцам адпачынку жаўрукоў-смецюхоў з ластаўкай у кіпцюрах.
Адразу, як смецюхі пачулі лямант ластавак, яны спрыгнулі з прыступак і схаваліся ў дзьмухаўцах - беражонага самі ведаеце хто беражэ!
А калі небяспека прайшла, ці, хутчэй праляцела, ізноў час ад часу паглядаючы ў неба, можна і расслабіцца...
19-07-2019, Гарадзеншчына.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ