Звычайная рудахвостка (Phoenicurus phoenicurus) - адзіны від птушак, першую рэгістрацыю якога гэтай вясной я зрабіў не выходзячы з хаты: першы самец пачаў спяваць непасрэдна за нашым вакном. А таксама адзіны від з палавым дымарфізмам, для якога я першай убачыў самку (яна на другім здымку), а не самца.
Аднак як аказалася ў наступныя дні, не ўсім самцам рудахвосткі так адразу шанцуе з партнёркай. З іншым самцом, які месцам гнездавання выбраў вучастак вуліцы з невысокай прыватнай забудовай, я правёў побач прыкладна 45 хвілін. І амаль увесь гэты час ён пастаянна спяваў, выбіраючы ў якасці прысады найвышэйшыя даступныя элементы дрэваў ці забудовы. За гэты ж час ён актыўна пералятаў на новыя і вяртаўся на старыя прысады і такім чынам прадэманстраваў больш-менш дакладныя межы свайго планаванага гнездавога ўчастку. І гэты ўчастак аказаўся плошчай не менш за 2 гектара!
Перапынкі на пошук ежы і, магчыма, адпачынак, самец рабіў прыкладна раз у 5 хвілін і былі яны вельмі непрацяглымі. Мне падалося, што ён настойліва і пастаянна спяваў як раз, каб прыцягнуць увагу самкі, якая магла пралятаць побач.
Гродна, 25 і 29-04-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ