Добра вядома, што чужыя дзеткі растуць хутка) Таму ў чарговы раз, калі я праходзіў праз былы сад з дубам з краю, звычайныя рудахвосткі (Phoenicurus phoenicurus) ужо кармілі сваіх птушанят не недзе на гнёздах, а па-за імі. І калі я стаў здымаць самца, які актыўна пералятаў з прысады на прысаду і збіраў розных дробных безхрыбетных для патомства, праз нейкі час выявілася дзіўная рэч. Бо спачатку ён лятаў з казуркамі толькі да лаўкі перад пад'ездам аднаго з дамоў. Там яго або ўжо чакаў на той жа лаўцы, або вылятаў аднекуль з пад яе амаль бясхвосты малы.
Здаецца, быў ён там адзін - прынамсі адначасова я бачыў толькі аднага злётка, але магу і памыляцца. Тым больш самец час ад часу трывожна 'пікаў' і не адразу прыносіў чарговую порцыю ежы і малыя - калі іх там было больш за аднаго, маглі проста не вылятаць за ежай адначасова. А потым і гэты 'адзіны' добра схаваўся сярод высокіх кветак у клумбе побач з лаўкай і самец прыносіў ежу наўпрост туды.
Але калі я адзін раз вырашыў падыйсці да адной з прысадаў, на якой сядзеў самец бліжэй, аказалася, што ён носіць корм не толькі да лаўкі...
Працяг будзе
Гродна, 22-06-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ