Крычкі vs Будаўнікі

Вось толькі зараз зьявілася хьвілінка напісаць на сайт пра невялічкі канфлікт паміж мясцовымі жыхарамі і прадстаўнікамі горадабудаўніцтва Берасьця. Паспрабую аднавіць падзеі.

у ролях птушак: 

малая крычка - sterna albifrons

кнігаўка vanellus vanellus

качка-крыжанка anas platerinhos

лыска fulica atra

случок tringa totanus

малы зуёк charadrius dubius

камышніца galinullus chloropus

   Першага чэрвеня мне тэлефануе сябра, які паведаміў, што вычытаў на берасьцейскім форуме прызывы аб дапамозе: “ Будаўнікі зьнішчаюць птушак з Чырвонай Кнігі, патрэбна тэрміновая дапамога!(і тэлефон)”. Тэлефаную, слухаўку падымае настаўніца і жыхарка мікрараёна Вулька. Справа ў тым, што гэты раён інтэнсіўна пашыраецца, і новыя тэрыторыі, якія раней былі пакрытыя хмызьняком і забалочаныя, зараз актыўна засыпаюцца пад будаўніцтва. А ў гэтых хмызьняках пасьпелі павыводзіць птушанят усім нам знаёмыя птушкі – лыскі, чаротніцы, качкі-крыжанкі. Наступнай раніцай дамовіліся сустрэцца непасрэдна на месцы.

     Другога чэрвеня выпраўляюся на месца. Там мяне ўжо чакае жанчына. Яна мела размовы з начальнікам мясцовага Камітэта Аховы прыроды і з будаўнікамі. Яны ня выявілі тут чырвонакніжных відаў і дамовіліся пакінуць невялічкую частку балотца да ліпеня, калі птушаняты стануць лётнымі. Мы разам чакаем журналістаў. Я ў гэты час абыходжу тэрыторыю. Сапраўды пустэчу актыўна засыпаюць пяском, ад балотца засталася вузкая паласа ўздоўж дарогі і невялічкі хмызьняк. Тут убачыў два вывадкі качкі-крыжанкі, адзін лыскі, ды яшчэ лысак і чаротніц з тэрытарыяльнымі паводзінамі. У паветры над бульдозэрамі лётаюць случкі і кнігаўкі. Падыходжу да бульдазэра. Бульдазэрыст выходзіць мне на сустрач і спрабуе мяне суцешыць. Для птушак мы пакінем невялікую частку балотца, паказаў два гнязды кнігаўкі, якія яны акуратна аб’яжджаюць бокам. Іду далей, нада мной кружаць рачныя і малыя крычкі. Напэўна тут ёсьць калёнія, але гнёзды знайсьці не хапіла часу. Прыехалі журналісты разам з Аляксандрам Сербуным. 

   Яны паздымалі інтэрв’ю, і мы ўсе разам адправіліся здымаць малых крычак. Пакуль апэратары спрабавалі засняць птушак, Саша знайшоў гняздо, потым яшчэ адно. Агулам мы знайшлі пяць гнёздаў малой крычкі. Тэлефануем начальніку Аховы прыроды, паведамляем, што птушкі з Чырвонай Кнігі тут ёсьць і гняздуюцца яны непасрэдна на пяску. Ён уважліва выслухаў і даў нам нумар начальніка будаўнічай фірмы, папярэдні патэлефанаваўшы яму сам. Начальнік быў вельмі ветлівы і зразумеў сутнасьць справы, вельмі хутка прыехаў на месца, і мы разам дамовіліся аб захавані гэтай тэрыторыі на час вывядзеньня птушанят. Са свайго боку мы паабяцалі выявіць гнёзды малой крычкі, абазначыць іх і непасрэдна ўсю калёнію за заўтра.

     На наступны дзень, да месца мы разам з Алесем Страчуком дабраліся толькі а трэцяй гадзіне. Так як асаблівых маркераў зрабіць не пасьпелі, то вырашылі агарадзіць тэрыторыю наступным чынам. На адні колышкі набілі крышкі ад бутэлек – імі мы будзем маркераваць гнёзды (1,5 м ад гнязда), а на іншыя - самі пляштыкавыя бутэлькі – імі будзем абмяжоўваць тэрыторыю гнездаваньня (30 м ад бліжэйшых гнёздаў). У гэты час да нас пад’ехалі зацікаўленыя асобы – начальнікі Аховы прыроды і будаўніцтва. Мы ім паказалі некалькі гнёздаў і растлумачылі, што будуць азначаць нашыя маркеры. Тыя ў свой час паведамілі пра гэта будаўнікам. Праца працягнулася. Мы знайшлі сем гнёздаў малой крычкі і яшчэ адно гняздо кнігаўкі, якія і прамаркеравалі, зафіксавалі каардынаты. Трэба зазначыць, што тут яшчэ лёталі случкі і малыя зуйкі, якія верагодна таксама тут маюць гнёзды.

    Такім чынам, з-за зацікаўленасьці саміх будаўнікоў аховай прыроды ўдалося пазьбегнуць непрыемных канфліктаў і пісанінаў у розныя інстанцыі. Калі ласка паведамце нам, калі вы маеце нейкія заўвагі па гэтаму пытаньню і асаблівасьці вывядзеньня птушанят малымі крычкамі, быць можа штосьці мы маглі зрабіць лепей… 

Фотаздымкі

Каментары

Я раз на паўгады гляджу Белсат, а тут уключылі,а ў анонсе навін Фрылансер пра гэты выпадак распавядае... Думаю, на іх сайце ўжо ёсьць відэа з гэтага рэпартажу.

Не зусім зразумеў сэнс гэтых слупкоў - калі тэхніка ці будаўнікі будуць хадзіць ці ездзіць навокал, то птушкі будуць працягваць наседжваць? Калі не, то які з іх сэнс?

На мой погляд, калі атрымалася знайсьці паразуменьне  - можа не ідэальнае - не зусім правільна пісаць пра канфлікт і яго выпячваць. Можа лепш наадварот - падкрэсьліць, што птушкам пайшлі на сустрач?

Наконт абзацаў - паспрабуй устаўляць тэкст праз Блакнот - абзацы павінны захавацца.

на сам рэч зараз працы актыўна вядуцца ў 50 - 100 метрах ад гнёздаў, і птушкі ўжо прывыклі да гэтага, але сапраўды пакуль яшчэ складана казаць аб паспяховасьці наседжваньня, магчыма гэта ўжо другія кладкі...