24-05-2009 Маслабаза-Русота-Малышчына: зязюлі і садовыя стрынаткі

    Пасьля абеду выбраўся на птушак. Надвор’е было няўстойлівае, таму ўзяў дадатковую куртку (аб чым не пашкадаваў…). Адразу каля пераезду сьпявала шэрая леска, седзячы на провадзе. Добрага працяглага фільміка з ёй я пакуль не маю, таму вырашыў паспрабаваць падайсьці да гэтай. Аднак птушка не захацела здымацца і пералятала далей як я падыходзіў. Тут нечакана з высокай травы недалёка ад шашы пачаў крычаць дзяркач, і я вырашыў крочыць далей.

     У пойме спрамленай Гажанкі траву скасілі толькі на невялім участку, таму я чакаў, што ўбачу шмат розных птушак, якіх касілкі яшчэ не прымусілі кінуць гнёзды. Калі павароту на фермы Забалаці пакрыкваў лугавы сьвірстун, пералятаючы з адной прысады на іншую. Атрымаліся добрыя фільмікі з даволі невялікай адлегласьці. Цікава, што ўсе з’езды на палі перагарожаныя ж\б перакрыцьцямі, каб цікаўныя гараджане не перашкаджалі працаўнікам палёў падвышаць ураджай. Недалёка ад гэтага месца пачуў першую ў гэтым годзе перапёлку. Драпежнікаў было зусім не шмат:     У вялікай асушанай пойме палявалі 2-3 самкі балотнага луня (яўна не гняздуючыя, бо ў гэты час яны павінны сядзець на яйках), 1 самец і 2 пустальгі. Нягуста! З узбочыны амаль з пад ног узьляцела курапатка – я ледзьве не помер ад нечаканасьці, а яна пераляцела на ўзаранае і да яе далучылася іншая птушка з пары.     Адзін нечаканы дожджык я перачакаў у адкрытым полі, схаваўшы бінокль, але хутка нацягваў другі, і я вырашыў схавацца пад мост каля Русоты. Не пасьпеў я схаваць пад пралёты трубу, як дождж пайшоў. Моцны вецер не даваў кроплям трапіць пад мой бок маста і менавіта дзякуючы яму дождж хутка скончыўся. Я пачаў вылазіць на дарогу і тут нечакана амаль на мяне наляцелі 2 зязюлі, адна з іх з некім насавым гукам ляцела ў 2-3 м за другой. Першая амаль села м у 2 ад мяне на перылы маста, але потым яны перамясьціліся на кусты і дрэвы ўздоўж сцяжыны на чыгуначны прыпынак. Я вырушыў за імі. Адна села недзе пад куст, другая адляцела далей. Амаль з кожнага куста даносіліся разнастайныя песенькі зялёных перасьмешак, і я падумаў што гэта пара зязюль шукае бацькоў для сваіх будучых патомкаў. Аднак я памыляўся. Адна с зязюль села на вяршаліну куста м у 50, я хуценька навёў на яе трубу і пасьпеў зьняць фільмік – новы від! Але ўжо там яна пачала кукаваць – самец! Другая ж пераляцела ў вёску і таксама пачала кукаваць там – яшчэ адзін самец! Зязюлі ляталі, як вялікія шэрыя сьвіргулі – ўвішна і хутка, але даволі нізка над зямлёй. Спробы зьняць перасьмешак не далі выніку, бо хаця яны падпускалі на 10-15 м, працягваючы сьпяваць, убачыць іх праз лістоту і галінкі было не магчыма. А нават калі і атрымалася заўважыць якую-небудзь частку птушкі, зьняць яе не было магчымасьці.     Перад паваротам на алею я пачуў прыемную, але не складаную песеньку і спачатку не прыдаў ёй значэньня. Алея, не гледзячы на вялікія страты ў складзе, жыла: і тут было шмат перасьмешак, крычалі-сьпявалі салаўі, шчыгелы, шпакі, звычайныя стрынаткі і берасьцянкі. І тут з боку ад алеі на полі я зноў пачуў такую ж меладычную песьню – садовая стрынатка! Я не бачыў іх з пазамінулага году, калі зьняў нярэзкі фільмік даволі здалёк. Тая сустрэчы была каля Малой Альшанкі, на поўдзень ад горада, тут жа я з 1994 года бачыў гэты від упершыню. Цяпер я меў добры шанец зрабіць лепшы фільмік і стаў падыходзіць да птушкі, і хаця зьняў фільмікі здалёк, яны былі супраць сьвятла і мала што паказвалі, акрамя адной асаблівасьці птушкі, якую я раней не заўважаў. Песенька ў стрынаткі кароценькая, але яна сьпявае яе, вертыкальна ўверх задзіраючы галаву (гл. здымкі). Тактыка 15 крокаў (здымкі – 15 крокаў наперад і зноў здымкі) з гэтым самцом яўна не працавала – ён падпусьціў на 35-40 м і проста адляцеў. Я вырашыў пачакаць яго вяртаньня. А тут зноў наляцеў дождж, я схаваўся пад вялізную таполю, але перад гэтым амаль да мяне на супрацьлеглы бок дрэваў алеі прыляцеў салавей і стаў так гучна сьпяваць, што я вырашыў зьняць фільмік з яго ўдзелам. Галаву сьпяваючай птушкі я знайшоў даволі хутка нават праз трубу, але лісты і галінкі наперадзе не давалі зьняць птушку без іх. Такой бяды – калі яшчэ давядзецца здымаць такога сьпявуна з 10 метраў!     Хутка праляцеў і гэты дождж, садовая стрынатка вярнулася на провад у полі і я стаў зноў падыходзіць. Цяпер сонейка было за мной, і мне пашанцавала зьняць птушку ў добрым сьвятле. Аднак самец зноў не падпусьціў мяне на добрую адлегласьць і зноў адляцеў. Але я ўжо меў яго на фільміку і вырушыў далей. Яшчэ атрымалася ўбачыць паляваньне на жамяру з зямлі шэрай валасяніцы – яна час ад часу невысока ўзьлятала і хапала насякомых або адразу, або пасьля невялікай пагоні, зблізку зьняць шчыгела, а па дарозе на Малышчына на старых месцах адзначыць 2 гуменныя стрынаткі.   На здымках: зьверху і першы зьнізу- лугавы сьвірстун; балотная чаротаўка; шэрая курапатка; зязюля; салавей; садовая стрынатка; белая пліска; чорнагаловы шчыгел.  
Фотаздымкі

Каментары

"...Тут нечакана з высокай травы недалёка ад шашы пачаў крычаць дзяркач, і я вырашыў крочыць далей..."- и правильно сделал! коростели в это время очень опасны!

овсянка- просто красавица. странно, что такая боязливая. я лет 5 назад возле бывшей свалки на метров 7-8 подошёл к поющему самцу совсем открыто. хотя, может быть, странная была именно та овсянка.