"Качкі" і Birdrace 2011.Як гэта было

        Прахалода вераснёўскай раніцы. Над ачышчальнымі сажалкамі Азота бліз вёскі Беражаны стаіць густы туман.Падазроная цішыня.І раптам пасярод густога тумана з'явіліся 4 цёмныя постаці...Але не пужаемся, гэта не кадры з фільма жахаў, гэта наша каманда "Качкі" начале з Мікалаем Іванавічам Гулінскім пачынае гонку за птушкамі. Пакуль што сапраўды нічога не бачна,але адзін неасцярожны крок і мы выпадкова спужалі наш першы від - шэрую чаплю.  

Пачалі прыслухоўвацца.Вось пачулі вялікую сініцу, сойку, авялгу.Але часцей за ўсё адзываўся пеўнік з вёскі.Таксама птушка:), падумалі мы і пакрочылі далей. Вось над намі праляцела цэлая хмара шпакоў, затым пабачылі чародку сініц на дрэве.
        Абышоўшы некалькі вадаёмаў,мы падышлі да агарожы са шлагбаўмам, за якім пачынаўся лясок. Тут каля шлагбаўма нас сустрэў невялічкі сабачка. Адкуль ён тут узяўся было не вядома. Ці то яго тут забыў гаспадар, ці то што, але убачыўшы нас, ён радасна падбег і ўцякаць ад нас яўна не спяшыў. Так да нашай чацвёркі далучыўся яшчэ і сабачка, праўда не на доўга, бо на зваротным шляху мы сустрэлі каманду-канкурэнтаў "Dreamteam", якім і падкінулі жывёлу (праўда потым там з гэтай камандай мы перасякліся яшчэ раз і яны паспрабавалі нам вярнуць сабачку, але сабачка зноў выбраў "канкурэнтаў")...Не так далёка ад нас мы ўбачылі і другую каманду "Ластаўкі". Цікава было назіраць праз трубу як дзяўчыны абступіўшы палявы вызначальнік увесь час вадзілі па ім пальцамі і моцна спрачаліся. А тым часам мы прадаўжалі аглядаць сажалкі і шукаць новыя віды. Потым вырашылі спусціцца да Немана. На жаль там птушак было ня шмат, але усё ж пачулі чорную жаўну.І тое добра...
       Так блукалі мы па ачышчальным сажалкам каля 5 гадзін.Знайшлі 49 відаў і вырашылі змяніць месца назірання. Мы адправіліся да "Свяцкага палаца", па дарозе сустрэлі яшчэ дзесятак відаў.Каля палаца пабачылі пралятаючых 2 журавоў і каля 30 белых буслоў, а таксама шэрых валасяніц і чыжоў (як высветлілася потым), якіх мы прынялі за зелянушак. Потым паехалі на возера "Юбілейнае". На шляху сустрэлі вялікага грычуна, палявую падкаменку, лугавога свірстуна і інш. На возеры, трохі падсілкаваўшыся, знайшлі не так шмат відаў як хацелася.І з гэтага часу пачалася невялічкая хваля няўдач, бо заехаўшы ў лес бліз КБМ(Камбіната будаўнічых матэрыялаў) новых відаў увогуле не знайшлі. Вырашылі рухацца ў бок вёскі Стрыеўка, дзе пабачылі вялікую колькасць шэрых журавоў, малога арляца, арла-вужаеда, а таксама зноў сустрэлі каманды "Dreamteam" і "Ластаўкі".
       Часу заставалася ўжо зусім ня шмат.У нас ужо было трошкі больш за 70 відаў і наперадзе яшчэ дзве кропкі назірання, наш апошні шанец. Заехалі ў Азёры, дзе былі чайка-рыбачка і чайка-клыгун, а затым адправіліся на ачышчальныя сажалкі Скідзеля. Да 80 відаў не хапала 4.І менавіта на сажалках Скідзеля як па заказу ўбачылі адразу ў адным месцы 4 віды. Прыемна, што завяршылі наш Birdrace рэдкім відам - кругланосым плывунчыкам. Пасля гэтага хуценька адправіліся на месца фініша...
       Некаторых відаў, на якіх спадзяваліся, пабачыць так і не ўдалося. Нават такіх простых як сарока ці звычайная стрынатка. Але ня гледзечы на гэта Birdrace для нас удаўся. Мы атрымалі цэлую гару прыемных уражанняў. А гэта - самае галоўнае!

Фота: Сяргей Саковіч 

Фотаздымкі

Каментары