Як хутка ляціць час! Вось і праляцеў месяц з майго перашга візыту на квадрат каля Юзэфоўкі (падрабязьней гл. тут: http://www.birdwatch.by/naziranni/247 )
За гэты час тут адбыліся заўважальныя зьмены – люцэрна ўжо скошана, азімыя пшаніца і трыцікале падняліся і квітнеюць у полную сілу (менавіта ад гэтай пыльцы я сёньня некалькі разоў праціраў вочы, якія ўвесь час часаліся…). Толькі кукуруза, якая пераважая на большай частцы квадрату, расьце павольна і не паднялася больш за 15-25 см.
Адбыліся зьмены і ў птушыным складзе і колькасьці. Жаўрукоў, на першы погляд, засталося таксама шмат, як і месяц таму. А вось іншых птушак стала больш: жоўтых плісак, лугавых ерчыкаў і нават кнігавак. Шэсьць з іх з крыкамі ляталі нада мной, а яшчэ каля 40 птушак пераляталі шчыльнай групкай збоку. Аб’ядналіся ў групы па некалькі птушак і шчыгелы (новы від на квадраце), але маладых птушак я сярод іх не заўважыў.
Таксама (як і месяц таму) стараліся злапаць здабычу самцы балотных лунёў (і адзін пацягнуў нешта ў бок Юбілейнага), а сарокі каля хутара крычалі з такім жа імпэтам (гняздо на сасьне не атрымалася убачыць нават у бінокль пад час вяртаньня). Дадатковы від, не адзначаны пад час першых улікаў – гуменная стрынатка. За тое ўжо пасьля іх заўважыў каля палявой дарогі яшчэ 2 віды: палявых вераб’ёў і самку падкаменкі, якая сур’ёзна непакоілася за свой вывадак.
З заўтрашняга дня пачынаю двухтыднёвы маратон па палявой практыцы на 2м курсе. Можа хто з 20 студэнтаў зацікавіцца назіраньнямі птушак?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ