19-06-2009: вдсх. Юбілейнае і яго навакольле.

Сёньня ў нас са студэнтамі атрымаўся самы лёгкі маршрут. Каб яшчэ не халодны вецер з ранку, можна было б сказаць, што быў самы звычайны сонечны летні дзень. Так, звычайны, але не гэтым летам. Бо сёлета дні без дажджу можна пералічыць на пальцах адной рукі.
Што ж атрымалася цікавага ўбачыць? Для мяне прыемнай неспадзяванкай стала пярэстыя валасяніцы (новы від на фільміках), якія занялі сінічнік (?) перад паваротам на Юбілейнае. Пасьля экскурсіі я вярнуўся туды і за некалькі хвілін змог зьняць не толькі вылеты абодвух птушак з дупла (зьняць прылёты не пасьпяваў…), але і самку на адной з яе любімых прысад недалёка ад дуплянкі.


На водасховішчы вялікая коўра вазіла на сьпіне 2 малых, што прывяло ў заміленьне студэнтаў. А потым на нашых вачах самец мэтраў 20 цягнуў да самкі з малымі сярэдніх памераў рыбку ў дзюбе, часам апускаючы яе ў ваду. На гняздзе спалі лебедзі-шыпуны, на яго ўскрайку разам з імі спалі 3 ці 4 вялікіх шэрых птушаняці.
Другая прыемная сустрэча адбылася таксама недалёка ад водасховішча – праз дарогу недалёка ад нас на сухой вяршаліне бярозкі з поўнай дзюбай пайкі зусім адкрыта сядзела круцігалоўка! Я не толькі пасьпеў зьняць на фільмік новы від, але і некалькі студэнтаў змаглі разгледзець яе праз трубу.
Ужо пасьля экскурсіі каля вайсковай часткі убачыў вавёрку, якая задуменна сядзела на сухой сасновай галіне. Але каб зьняць яе, прыйшлося адыйсьці трошкі ўбок, каб не перашкаджалі галінкі куста. Нейкі час грызун сядзеў, дзіўнавата трасучы галавой як у трансе, потым “умыўся” пярэднімі лапамі: мордачку, бакі, хвост, сьлізнуў уніз па дрэве і пачаў сваю вандроўку па зямлі.
А маю ўвагу прыцягнула цыпканьне маладых вялікіх дзятлаў, якія недалёка адзін ад аднаго зьбіралі нейкую жамяру на вяршалінах і верхніх галінках маладых соснаў. Чаго яны ўвесь час крычалі, я не зразумеў. Бо на мяне яны ўвагі не зьвярталі, а больш ніякай небясьпекі для іх я не заўважыў.
На здымках:
Самка пярэстай валасяніцы
Зелянушка
Самец берасьцянкі
Круцігалоўка
Вавёрка
Малады вялікі дзяцел
Самка і самец пярэстай валасяніцы

Фотаздымкі